Конкурс сярод платнікаў склаў 2 чалавекі на месца

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў усё вырашалі дзесятыя бала.
11 жніўня ВНУ прымалі студэнтаў за грошы. Калі год таму залічвалі амаль усіх, хто пажадаў плаціць, то сёлета сярод платнікаў конкурс склаў два чалавекі на месца . Самы высокі конкурс на платнае аддзяленне – на тэатральным факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў: 7 абітурыентаў прэтэндавалі на адно месца. Але ў БДУ на факультэт журналістыкі, геаграфічны факультэт і механіка-матэматычны былі залічаны ўсе, хто пажадаў атрымаць платную адукацыю. Адказны сакратар прыёмнай камісіі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Уладзімір Язэпчык зазначыў, што веды леташніх абітурыентаў — на дастатковым узроўні, таму прахадны бал для платнікаў даволі высокі .


Уладзімір Язэпчык: Дзяржаўнае кіраванне і права – 272, эканоміка – 257, а вось на кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі для горада склаў 259, а для сяла – 218.


Еўрарадыё вырашыла паглядзець, як адрозніваюцца прахадныя балы на бюджэтнае навучанне і платнае. Самы высокі прахадны бал у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце склаў на стаматалагічным факультэце 333 балы на бюджэт і 308 на платнае аддзяленне. А вось на педыятрычны факультэт – 325 балаў бюджэт і 282 платнае аддзяленне. У педагагічным універсітэце імя Танка адным з самых папулярных стаў факультэт пачатковых класаў і замежнай мовы — 278 балаў і 253. Разрыў прахаднога бала паміж бюджэтным аддзяленнем і платным даволі ўнушальны — 30-70 балаў. Своеасаблівы рэкорд паставіла Акадэмія кіравання пры прэзідэнце — разбежка балаў паміж платнікамі і бясплатнікамі на факультэце кіравання інфармацыйнымі рэсурсамі склала амаль 100 балаў.


Здараюцца і такія выпадкі, калі дзесятыя бала вымушаюць студэнта плаціць за адукацыю. Вось што расказала Еўрарадыё першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана Вінакурава.

Святлана Вінакурава: У нас быў такі выпадак: на дызайн (гэта невялікая група 5-6 чалавек) залічылі дзяўчынку, і яна была пятай па рэйтынгу. Яна шчаслівая паехала дамоў, а іншая дзяўчына падала на апеляцыю, і ёй павысілі працу на 1 бал. У выніку ролю адыгралі 2/10 бала, і першая дзяўчынка была залічана на платнае аддзяленне.


Год таму існавала паўплатнае аддзяленне для тых абітурыентаў, хто не дабраў некалькі балаў, але сёлета такой палёгкі няма, як няма нічога і для абітурыентаў з сельскай мясцовасці: яны плацяць поўны кошт за навучанне. У прыёмнай камісіі БНТУ нам паведамілі, што толькі пасля паспяховага заканчэння дзвюх сесій студэнт-платнік мае права прэтэндаваць на паніжэнне цаны за навучанне. А зараз прыйдзецца плаціць поўны кошт. У БДУ сярэдні кошт складае 2,5 мільёна, на юрыдычны факультэт – 3 мільёны 200 тысяч. Адным з самых даступных універсітэтаў лічыцца БАТУ: за год навучання трэба аддаць 1 мільён 130 тысяч рублёў. А абсалютным рэкардсменам з’яўляецца Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт: жаданне стаць стаматолагам абыйдзецца ў 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў! Але, як паведаміў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БНТУ Уладзімір Стасевіч, не на ўсе факультэты прапануюць платнае навучанне.


Уладзімір Стасевіч: Гэта ваена-тэхнічны, дзе прымаюцца толькі на бюджэтнае навучанне. І яшчэ ёсць адна спецыяльнасць – гэта мытная справа.


Іншаземцы пачнуць паступаць у беларускія універсітэты напрыканцы жніўня, і толькі на платнае аддзяленне. Плаціць ім прыйдзецца так, як і беларускім студэнтам: розніцы няма.

Фота — photo.bymedia.net