Каля 600 мільярдаў рублёў можа згубіць Белтэлекам у выніку дэманапалізацыі

Адмяніць манаполію на аказанне паслуг электрасувязі ў Беларусі абяцалі ўжо з 2007 года. “Канешне, гэта не лепшы сцэнар, але мы да яго гатовыя”, сваё меркаванне выказаў Еўрарадыё загадчык прэс-службы Белтэлекама Аляксей Федарэнчык. Па яго словах спярша трэба павялічыць тарыфы на мясцовую сувязь хаця б да ўзроўню сабекошта. Інакш страты будуць вялізнымі.
Нагадаем, што Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі накіравала ў парламент прапанову аб унясенні зменаў у закон аб электрасувязі, які тычыцца дэманапалізацыі рынка паслуг электрасувязі. Пра магчымыя страты Белтэлекаму хвалявацца пакуль рана. Працэс дэманапалізацыі можа зацягнуцца на доўгі час, лічыць Аляксей Федарэнчык:

“Улічваючы тое, што гэты закон адправілі на дапрацоўку і тое, што змена закону прадугледжвае змену тарыфаў на мясцовую і міжгароднюю тэлефонную сувязь (а тарыфы дагэтуль ніхто не ўзяўся прыводзіць у парадак), па ўсёй верагоднасці прыняцце закона будзе адкладзена. Таму што няма сэнсу яго прымаць, пакуль гэтыя паслугі не ўрэгуляваныя”.

Павялічыць тарыфы на сувязь унутры краіны хутка не атрымаецца. Бо насельніцтва гэтага проста не зразумее. Калі ж пачаць праводзіць дэманапалізацыю без урэгулявання тарыфаў, страты будуць каласальнымі:

Аляксей Федарэнчык: “Нашыя страты агучвалі. Там атрымліваюцца каласальныя лічбы, штосьці каля 600 мільярдаў Белтэлекам губляе ў выніку дэманапалізацыі. Гэтыя страты будуць, калі не прывесці тарыфы на мясцовую сувязь хаця б да ўзроўню сабекошта. Раней быў план, каб гэтыя тарыфы прыводзіліся на працягу 2 гадоў. Таму што калі тарыфы адразу падняць у два разы, людзі могуць гэтага не зразумець. Па ўсёй верагоднасці прыняцце гэтага закону адкладзецца да таго часу, пакуль тарыфы не будуць прыведзеныя”.

Сёння Белтэлекам выжывае дзякуючы міжнародным тэлефанаванням. Каб пакрыць выдаткі на мясцовую сувязь, усталёўвае вялікія тарыфы на міжнародную. Менавіта таму міжнародная сувязь у Беларусі даражэйшая, чым у іншых краіных свету. І калі адбудзецца дэманапалізацыя, то тэлефанаваць за мяжу можна будзе танней, але падаражэюць тэлефанаванні ўнутры краіны

Федарэнчык: “Улічваючы, што званкі па горадзе і рэспубліцы пакрываюцца на 40-60 максімум 90%, і для таго каб можна было гэтыя страты пакрываць і развівацца далей, ёсць манапольнае права, якое мы як манапаліст выкарыстоўваем – вызначаем кошт паслуг міжнароднай сувязі. І яны атрымоўваюцца даражэй, чым у іншых краінах. Такая схема была прыдумана і называецца перакрыжаванае субсідаванне – пакрыццё стратных напрамкаў за кошт зверхпрыбытковых”.

Цікава, што ў Белтэлекама ёсць манаполія толькі на міжнародные тэлефанаванні і знешні доступ у інтэрнэт. Тэарэтычна на мясцовы рынак электрасувязі могуць прыйсці і іншыя кампаніі. Але ніхто не хоча рызыкаваць — займацца гэтым у Беларусі нявыгадна, расказвае Аляксей Федарэнчык:

“Хтосьці спрабаваў гэтым займацца (акрамя Белтэлекама), але гэта стратна, таму што па такіх тарыфах ніхто працаваць не будзе. Яны ў прынцыпе стратныя. На будаўніцтва сетак, на тэлефанію ўнутры краіны манаполіі ў нас няма. Калі ласка, можа хто заўгодна займацца будаўніцтвам, але гэта нявыгадна, улічваючы тую акалічнасць, што кошты на гэтыя паслугі рэгулююцца дзяржавай. Ніхто ж не будзе сабе з мінус працаваць”.

Начальнік Упраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі Юрый Шпак не надае вялікага значэння таму, што Міністэрства накіравала ў парламент прапанову аб унясенні зменаў у закон аб электрасувязі:

“Гэта ўсяго толькі ўнесены праект закона, які не прыняты. Нічога не змянілася”.

Юрый Шпак таксама адзначае, што спярша трэба давесці тарыфы як мінімум да ўзроўню сабекошта, а пасля ўносіць змены ў заканадаўства.

У палаце прадстаўнікоў Еўрарадыё пацвердзілі, што законапраект знаходзіцца на дапрацоўцы. І яго плануюць разгледзець на бліжэйшай сесіі.