Джэймс Кэмеран будзе працаваць над "Чалавекам-павуком"

Стваральнік "Аватара" Джэймс Кэмеран дапаможа рэжысёру Марку Уэбу падчас здымак фільма "Чалавек-павук-4".  Прадзюсер фільма Джон Ландаў распавёў, што "на мінулым тыдні адбылася сустрэча з рэжысёрам "Чалавека-павука". Уэб жадае зняць свой фільм у фармаце 3D, і яму патрэбная дапамога". Заява прадзюсера сведчыць пра тое, што фільм будзе створаны з выкарыстаннем тэхналогій, распрацаваных Кэмеранам для "Аватара", а не перакладзены ў стэрэаскапічны фармат ужо на этапе пост-прадакшн.

Паводле словаў Ландау, Джэймс Кэмеран глядзеў фільм Уэба "500 дзён лета", і ён яму спадабаўся.

Нагадаем, што раней паведамлялася, што сюжэт карціны будзе факусавацца на Пітэры Паркеры і яго перажываннях з нагоды смерці дзядзі, якую ён мог прадухіліць. У аснове сцэнарыя будуць не арыгінальныя коміксы 60-х гадоў, аматарам якіх з'яўляецца аўтар першых трох серый Сэм Рэймі, а графічныя навэлы апошняга дзесяцігоддзя, створаныя Браянам Майклам Бэндзісам (Brian Michael Bendis) і Маркам Бэглі (Mark Bagley).

Бюджэт праекта ацэньваецца ў 80 мільёнаў долараў. Карціна выйдзе ў пракат 3 ліпеня 2012 года.

Фота: blog.newsok.com