Дырэкцыя "Катыні” прызналася, чаму паўтара года не адказвала беларусам

У мемарыяльным комплексе пад Смаленскам некалькі дзесяткаў беларусаў ушанавалі памяць расстраляных тут суайчыннікаў (фота)
Супрацоўнікі “Катыні” патлумачылі, чаму паўтара года не адказвалі беларусам
У мемарыяльным комплексе пад Смаленскам некалькі дзесяткаў беларусаў ушанавалі памяць забітых тут суайчыннікаў.

Учора ў Катыні, што пад Смаленскам, адбылося ўшанавання памяці забітых тут бальшавікамі ўвесну 1940 года польскіх і беларускіх афіцэраў, а таксама мірных жыхароў, мабілізаваных у войска. З Беларусі прыбыў цэлы аўтобус – паездка была арганізаваная секцыяй “Мемарыял” Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў. Жалобны мітынг быў прымеркаваны да Міжнароднагя дня памяці ахвяраў нацызму і сталінізму. Даследчык сталінскіх рэпрэсій, гісторык Ігар Кузняцоў нагадаў прысутным.

Ігар Кузняцоў: “Агульная колькасць пахаваных на польскай тэрыторыі, што выяўлена падчас эксгумацыі – 4421. На расійскай частцы – каля 8000. Так і хочацца сказаць, чым адрозніваецца памяць палякаў ад памяці былых савецкіх, а цяперашніх расійцаў: 247 ямаў-магілаў з пахаваннямі знаходзіцца па-за тэрыторыяй мемарыялу! І мы пабачым толькі 9 ямаў-магілаў. Па якіх меркаваннях стваральнікі мемарыяла вырашылі адмежавацца ад астатніх растраляных з 1920 па 1941 год? Гэта пакуль  загадка…”



На гэтым месцы супрацоўніца мемарыяла “Катынь”, якая падыйшла і ціхенька слухала, не стрымалася. Яна патлумачыла, што гэта ніякая не загадка, што ў іх планах – абнесці плотам усю тэрыторыю пахаванняў, аднак на гэта пакуль няма грошай. Высветлілася, што гэта – намесніца дырэктара па навуковай працы мемарыяла “Катынь” Галіна Андрэенкава.

Ігар Кузняцоў выкарыстаў магчымасць і перайшоў у наступленне.

Ігар Кузняцоў: “Цягам палутара гадоў мы накіравалі на імя дырэкцыі мемарыяла некалькі лістоў з просьбай дапамагчы нам зрабіць выбарку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, якія былі растраляныя ў Смаленску. Мы не атрымалі ніводнага адказу, нават адпіскі”.

Галіна Андрэенкава не разгубілася, сказала, што пра звароты ведае, але… яны не разабраліся, што канкрэтна патрэбна беларусам!

Галіна Андрэенкава: “Пачакайце!.. Я ведаю пра гэты ліст! Мы так зразумелі, што вам патрэбныя ўраджэнцы Беларусі, якія былі ў Польскім Войску…”



Ігар Кузняцоў: “Ды не, мы ставілі пытанне, што мы не ведаем прозвішчы нашых ураджэнцаў, якія пахаваныя на тэрыторыі Катыні…”

Галіна Андрэенкава: “Аааа!... А я памятаю, што дырэктарка давала адказ, што гэта на польскай мове і мы не ведаем дакладна… Добра, мы гэтай працай зоймемся. Гэта вялікая праца, але мы гэта зробім. Проста мы так зразумелі, што вам трэба польскі бок… А польскі бок мы самі не можам – бо там пазначана, што чалавек нарадзіўся ў Беларусі, але мы не ведаем, ці ён быў беларус, ці паляк…”

Ігар Кузняцоў агучыў свае падлікі: ці не палова пахаваных у Катыні польскіх афіцэраў з’яўляюцца этнічнымі беларусамі.

Ігар Кузняцоў: “Паводле нашых папярэдніх падлікаў, з 4421 афіцэра Польскага Войска мы ўжо высветлілі 1221 асобу, якія з’яўляюцца альбо ўраджэнцамі Беларусі альбо беларусамі”.

Праўда, у супрацоўнікаў мемарыялу іншыя падлікі наконт суадносінаў пахаваных у Катыні.

Галіна Андрэенкава: “На першым месцы стаяць рускія, затым ідуць латышы, затым, калі казаць пра колькасць, палякі, і ўжо пасля ідуць беларусы”.
 
Аднак, што важна, намесніца дырэктара мемарыяла не аспрэчвае, што ў Катыні польскіх і беларускіх афіцэраў растрэльвала НКВД. Хаця афіцыйная расійская прапаганда не так даўно выдала фільм, дзе гаворыцца, што гэта, верагодна, зрабілі фашысты.

Галіна Андрэенкава: "Канешне, НКВД растрэльвала!.. Гэта ўжо даказана: 4 тамы дакументаў выдадзена толькі ў палякаў, і 2 тамы нашай расійскай Акадэміяй Навук выдадзена. Тым больш, ёсць сведчанні відавочцаў. Ёсць у нас і такі Пётр Клімаў, які працаваў у органах НКВД. Ён сам не растрэльваў канешне, але быў тут увесну 1940 года на гэтых магілах са сваімі таварышамі. Яны прыязджалі, распавядалі… І шмат сведчанняў людзей, якія бачылі, як увесну 1940 года гэтых польскіх афіцэраў прывозілі на станцыю Гнёздава…"

Удзельнікі паездкі прынялі заяву да парламенцкай асамблеі АБСЕ з патрабаваннем ціснуць на краіны, дзе дагэтуль ушаноўваюцца імёны сталінскіх забойцаў.


Пры ўваходзе ў мемарыял.




Сведчанне відавочцы.


Жалобны мітынг беларусаў.


Каля часткі мемарыялу "Польскія могілкі".


У Катыні пахавана шмат беларусаў...


Так абазначаныя месцы ямаў-пахаванняў.


Беларусы ў Катыні запалілі шмат свечак і знічак.


У такіх вагонах сюды прывозілі зняволеных...