Браты Косцевы, якія атрымалі смяротныя прысуды, памілаваныя

Браты Ілля і Станіслаў Косцевы, якія летась атрымалі смяротныя прысуды, памілаваныя. Пра гэта ад сваякоў асуджаных стала вядома каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэю Палудзе, паведамляе spring96.org. Да гэтага праваабаронцам быў вядомы толькі адзін выпадак памілавання ў Беларусі асуджанага да смяротнага пакарання.
30 красавіка сваякі Іллі і Станіслава Косцевых спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА № 1. Дзяжурны ў іх перадачу не прыняў, сказаў, што прыйшла папера аб памілаванні з Адміністрацыі прэзідэнта. Цяпер браты адбываюць каранцін для этапавання ў турму № 8 Жодзіна.
Косцевы былі асуджаны ў студзені 2020 года ў Чэрыкаве на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда (Станіславу было 19 гадоў, Іллі — 21). Іх прызналі вінаватымі ў забойстве ў красавіку 2019-га сваёй былой настаўніцы і падпале яе дома. Жанчына атрымала 130 удараў нажом. Падрабязна пра гэтае жахлівае злачынства — у матэрыяле Еўрарадыё.
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой існуе смяротнае пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.