Арабы не спяшаюцца пералічваць грошы па беларускіх пагадненнях

Днямі на сайце Міністэрства статыстыкі з’явіліся дадзеныя пра аб’ёмы экспарту і імпарту Беларусі з асноўнымі гандлёвымі партнёрамі нашай краіны. З прыведзеных лічбаў Еўрарадыё даведалася, што ў першым квартале рэзка знізіліся аб’ёмы гандлю нашай краіны з ЗША і Кітаем. А ў Топ-15 лепшых партнёраў не ўвайшлі, нягледзячы на падпісаныя шматлікія пагадненні аб супрацоўніцтве, ні адна з краін арабскага свету. Няма там і Венесуэлы. Паводле звестак Мінстата, за першыя тры месяцы 2008 года двухбаковы гандаль Беларусі і ЗША знізіўся амаль удвая і склаў усяго 77,3 мільёна долараў. Спрабуючы патлумачыць прычыну такога рэзкага змяньшэння таваразвароту, галоўны эканаміст упраўлення каардынацыі знешнегадлёвай дзейнасці і стварэння тавараправодзячай сеткі за мяжой Міністэрства гандлю Вольга Савельева сказала адно слова: “Белнафтахім”.

Вольга Савельева: “Вы ж разумееце, “Белнафтахім” і ўсё такое”…

На 30% зменшыўся гандаль Беларусі з Кітаем і склаў у 1 квартале 69,8 мільёнаў долараў. Але патлумачыць гэты факт Еўрарадыё супрацоўніца Мінгадлю не змагла. А ўдакладняць, якім чынам ганадль з Бразіліяй вырас амаль у 5 разоў і дасягнуў 108,7 мільёнаў долараў, не захацела.

Вольга Савельева: “Па буйных групах тавараў у нас ёсць інфармацыя. У тым ліку можна і з Бразіліяй глянуць. Проста, я на памяць не ведаю, а зараз усё кінуць і глядзець я не магу”.

Але затое яна добра патлумачыла, чаму шматлікія, ужо падпісаныя, гандлёвыя пагадненні з краінамі арабскага свету і Венесуэлай не дапамаглі павялічыць Беларусі таваразварот з гэтымі краінамі.

Вольга Савельева: “Тое, што краіна падпісвала пагадненні, гэта яшчэ не значыць, што адразу з гэтымі краінамі будуць вялікія аб’ёмы гандлю. Пагадненні – пагадненнямі, а грошы – грашыма”.

Сітуацыю зніжэння гадлю са Злучанымі Штатамі эканаміст Леанід Злотнікаў нават каментаваць не стаў. Маўляў, пасля ўвядзення санкцыяў і так усё зразумела. З Кітаем жа, кажа ён, сітуацыя іншая – ім дастаткова купіць, да прыкладу, адзін трактар, каб праз пару месяцаў наладзіць вытворчасць сваіх “аналагаў”.

Леанід Злотнікаў: “Што мы можам пастаўляць Кітаю? Машынабудаўнічыя тавары яны робяць самі зараз і робяць лепш, чым беларусы. Калі раней мы маглі пастаўляць у Кітай грузавікі і трактары, то зараз яны бяруць адзін-два экземпляры трактару і потым робяць свой. Такія ўжо кітайцы! Тавары хімічнай прамысловасці яны таксама вырабляюць зараз самі. Металапрадукцыю вырабляюць самі і сталі экспарцёрам яе ва ўсім свеце. Прыборабудаванне, электроніка, лёгкая прамысловасць – усе мы ведаем, што Кітай вырабляе сам. Што нам тады экспартаваць?! Мы экспартуем калійныя ўгнаенні, і колькі трэба, Кітай бярэ. Ёсць нейкі спіс іншых тавараў, але аб’ёмы іх невялікія”.

Што тычыцца Венесуэлы, то, на думку эканаміста, развіццю гандлю з ёй нам перашкаджаюць два фактары – адлегласць і нізкая пакупная здольнасць гэтай краіны.

Леанід Злотнікаў: “А што Венесуэла? Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва там не большы, чым у Беларусі. Краіна не такая ўжо багатая, далёкая. Можа, і будзе там які гандль налажаны. Тэлевізары дамовіліся пастаўляць, але яны не такія якасныя і не такія танныя, як тэлевізары іншых краін. Няма падстаў, каб гандаль павялічваўся”.

Па словах эканаміста, няма нам чаго прапанаваць і краінам арабскага свету. Асабліва з улікам таго, што ў далёкае замежжа мы экспартуем у асноўным сыравіну.

Леанід Злотнікаў: “Калі ўзяць пачатак гэтага года, то 71% у далёкае замежжа, гэта нафтапрадукты і 7% -- калійныя ўгнаенні. Але якія нафтапрадукты будуць браць у нас Эміраты Арабскія?”

Асэнсоўваць поспехі ў гандлі з Бразіліяй эканаміст параіў у канцы года. Калі стане зразумела, што гэта не вынік разавай пастаўкі тавараў, а стабільныя гандлёвыя ўзаемаадносіны. І пашкадаваў беларускіх чыноўнікаў, якіх прэзідэнт гоніць шукаць па свеце кантракты на пастаўкі вырабаў айчыннай вытворчасці. Кажа, трэба вытворчасць паляпшаць, і асартымент мяняць, а спрабаваць прадаць тое, што нікому не трэба.

Леанід Злотнікаў: “Калі вытворчасць не ўласная, калі маёмасць дзяржаўная, то толку не будзе. Як тут не ганяй гэтых чыноўнікаў. Трэба, каб была канкурэнтаздольная прадукцыя, каб былі дзяржаўныя інвестыцыі, былі фірмы ды транснацыянальныя карпарацыі, якія б тут і выраблялі нешта, і самі гандлявалі гэтым. Тады б была іншая справа. А так”…