14:24 Крысціну Шацікаву адпусцілі з псіхіятрычнай лякарні

Грамадскую актывістку Крысціну Шацікаву адпусцілі з псіхіятрычнай лякарні. Па яе словах, лекары не паставілі ніякага дыягназу. На сустрэчах з медыкамі дзяўчыну распытвалі пра знаёмых і сяброў. Маці Крысціны паведамілі, што дачка псіхічна здаровая, але проста неардынарная асоба.

"Я ляжала прывязаная да ложка, мне калолі нейкія лекі. Усе гэтыя выхадныя я практычна правяла ў адлючцы. А маёй маці казалі, што ў дачыненні да мяне не прымяняюцца ніякія медычныя сродкі", - зазначыла Шацікава.

Яна паведаміла, што абскардзіць дзеянні лекараў, невядомых асобаў, якія яе выкралі, "ва ўсе структуры, куды толькі магчыма". Сёння Крысціна Шацікава мае намер прысутнічаць на судах над магілёўскімі апазіцыянерамі, затрыманымі падчас святкавання Дня волі.

Нагадаем, Крысціна Шацікава знікла 23 сакавіка. Яе сяброўка Ірына Качарова са спасылкай на відавочца паведаміла, што затрыманне актывісткі апазіцыі праводзілі пяцёра невядомых на аўтамабілі "Ніва" цёмнага колеру. Пасля з’явілася ананімная інфармацыя пра тое, што Шацікава ў псіхіятрычнай лякарні.