Замест галандскай травы на магілёўскім стадыёне "Спартак" выраслі грыбы

Грыбы выраслі на магілёўскім стадыёне "Спартак". Не паспелі на ім да канца пакласці новы газон, як давялося яго скручваць. Пакрыццё, якое было выгадаванае ў Смалявічах для футбольнага поля, забракавалі спецыялісты. А цяпер прыбіраць можна не толькі траву, але і грыбы, якія паспелі тут вырасці. Пра гэта паведаміла газета "Магілёўскія ведамасці".

Дарэчы, для набыцця шматгадовай травы з галандскага насення было выдзелена 56 мільёнаў рублёў. Цяпер яе прыбяруць і будуць чакаць новага газону, на гэты раз з расійскага горада Валгаград.

Ёсць таксама і праблемы з навесам над заходняй трыбунай стадыёна. Высвятлілася, што ён не закрывае ніжнія шэрагі крэслаў ад дажджу, а верхнія - ад ветру.



Пасля рэканструкцыі стадыён мусіць адпавядаць усім сучасным стандартам. У прыватнасці, на ім будзе усталяваны вялікі экран памерам 6 на 9 метраў, на якім можна будзе паглядзець паўторы самых цікавых момантаў гульні.