Урад вызначыў, як студэнты і навучэнцы могуць атрымаць дапамогу на праезд

Вызначаны крытэрыі, паводле якіх студэнты і навучэнцы ў Беларусі могуць атрымаць дапамогу на праезд. Матэрыяльная дапамога на праезд будзе аказаная іншагароднім навучэнцам і студэнтам дзяржустановаў дзённае формы навучання, сярэдні прыбытак сям'і якіх на чалавека не перавышае 100% найвялікшай велічыні бюджэта пражытковага мінімума.

Такая норма ўтрымліваецца ў пастанове ўраду. У дакуменце гаворыцца, што матэрыяльная дапамога навучэнцам і студэнтам будзе аказаная ў выглядзе частковай кампенсацыі (у памеры, які не перавышае 50%) кошту праезда (праязднога дакумента) да месца пражывання сям'і (бацькоў), але не больш за дзве паездкі (туды і назад) у месяц на пасажырскім міжгароднім транспарце і не больш за чатыры паездкі ў прыгарадным транспарце.

Матэрыяльная дапамога аказваецца навучэнцам і студэнтам на праезд у суботнія, нядзельныя і святочныя дні, устаноўленыя і аб'яўленыя кіраўніком дзяржавы непрацоўнымі, а таксама ва ўсе дні тыдня падчас зімовых вакацый на перыяд з 1 кастрычніка да 30 чэрвеня, але не раней чым са дня падачы заявы з усімі неабходнымі дакументамі.

Рашэнне аб аказанні матэрыяльнай дапамогі на праезд канкрэтнаму чалавеку і яе памеры прымаецца пастаянна дзейючай камісіяй, якая ствараецца ў навучальнай установе, інфармуе БЕЛТА.