У чарзе на польска-беларускай мяжы кіроўцы грузавікоў ствараюць “банды”

Карэспандэнт Еўрарадыё Аляксей Мурланаў паведамляе з чаргі грузавых аўтамабіляў на польскім баку мяжы каля кантрольна-прапускнога пункту “Карошчын”. Ён распавядае пра тое, як кіроўцы атруціліся польскім супам і ствараюць “банды” для падтрымання парадку. “Карошчын” і “Казловічы” не працуюць. Чарга з польскага боку сёння дасягнула 60 кіламетраў. Паміж кіроўцамі пачынаюцца спрэчкі і нават бойкі. Сёння было дзве. Калі не прапусцілі кіроўца, які хацеў аб’ехаць чаргу.

На ўсім працягу чаргі, а я прайшоў 4 кіламетры ад Карошчына, не сустрэў ніводнай біяпрыбіральні і інспектара польскай паліцыі. Ездзяць афіцэры мытні, якія прыглядаюць за парадкам.

Людзей кармілі толькі два разы: сёння, калі прыехала польская тэлевізія, і заўчора ўначы. Дарэчы, заўчора пасля “зупы памідаровай”, якую прывезлі для іх, у некаторых кіроўцаў было кепска са страўнікам.

Ва ўсіх у іх скончыліся візы, і кіроўцы турбуюцца, што не змогуць зноў прыехаць у Польшчу, што ім не дадуць польскую візу. У некаторых заканчваецца тэрмін страхоўкі. А па іх словах, штраф за гэта дасягае 1500 еўра.

Людзі самі кіруюць сітуацыяй. Некаторыя з іх стварылі “банду”, як яны яе называюць, якая перашкаджае тым, хто хоча праехаць без чаргі.

Тэрмінал прымае за дзень каля 10-15 аўтамабіляў. Але што гэта за грузавыя аўтамабілі невядома. Кіроўцы кажуць, што гэтыя іх калегі вязуць тавары, якія хутка псуюцца.

Вось што распавядае кіроўца Сяргей, які вязе легкавікі з Нямеччыны: “Людзі ўжо празмерна напружаныя. Начамі ніхто не спіць. Усе торгаюцца ўвесь час. За ноч можна толькі 100 метраў праехаць”.

Кіроўцам няма дзе памыцца, у многіх ужо няма грошай на тое, каб харчавацца ў некалькіх мясцовых рэстарацыях, для іх гэта задорага.

Іх ніхто не інфармуе пра сітуацыю. Некаторыя кіроўцы ездзілі да беларускага консульства, але там ім сказалі, што нічым дапамагчы не могуць…