Трэці паверх Дома літаратара вызвалілі для “Белай Русі”

Фірмы, якія там размяшчаліся, выселілі, не заключыўшы дамоваў. Пра гэта стала вядома пасля таго, як старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі атрымаў адказ на свой і Вінцука Вячоркі ліст, дасланы кіраўніку “Белай Русі” Аляксандру Радзькову.
На канверце з адказам быў указаны юрыдычны адрас арганізацыі – г. Мінск, вул. Фрунзэ, 5-205, “Белая Русь”.

Лявон Баршчэўскі: “На самой паперы няма ні адрасу, нічога. Толькі на канверце ад рукі напісана: вуліца Фрунзэ, 5 пакой 205”

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў і кіраўнік Літфонду Алесь Пашкевіч кажа, што Літфонд з будынку ўжо выселілі, нават нягледзячы на папярэднюю аплату:

“Дамова не заключана з намі, хоць у Літфонду была праплата яшчэ на некалькі месяцаў, і Літфонд выселілі. І ўвесь трэці паверх, ні з кім не заключылі дамовы. І фірмы, і грамадскія аб’яднанні, якія там былі, таксама выселілі. Па звестках супрацоўнікаў гэтага будынку, увесь трэці паверх будзе займаць “Белая Русь”.

Адзіныя, каго, магчыма, пакуль высяляць не будуць, – гэта Інстытут імені Гётэ. Яны займаюць першы паверх, але адзін пакой месціцца на трэцім, кажа Алесь Пашкевіч:

“Інстытут Гётэ месціцца цалкам на першым паверсе. Адзін пакойчык яны займаюць на трэцім, але іх часова яшчэ пакінуць”.

У самім інстытуце нам адмовіліся даць інфармацыю: сказалі, што каментаваць гэта не маюць права.

Старшыня Мінскай гарадской філіі “Белай Русі” Міхаіл Батура пацвердзіў Еўрарадыё, што юрыдычна арганізацыя месціцца па адрасе Фрунзэ, 5. Але пакуль у новы будынак не пераязджалі, бо “там рамонт”:

“Так, Фрунзэ 5. Там ідзе рамонт, таму я канкрэтную дату не скажу”.

Колькі месца будзе займаць “Белая Русь”, Міхаіл Батура не ведае. Па яго словах, для гарадской арганізацыі вызвалілі адзін пакой:

“Для мяне, для нашай гарадской арганізацыі адзін кабінет, 23 метры”.

Цікава, што дырэкцыя Дома літаратара запэўнівае, што нічога пра засяленне “Белай Русі” не ведае. Пакояў, па словах каменданта, для арганізацыі не вызвалялі:

“Для “Белай Русі” мы пакуль увогуле нічога не вызвалялі. І нікога з іх у мяне пакуль не было. Я не ў курсе, што ў іх юрыдычны адрас Фрунзэ, 5”.

Карэспандэнт Еўрарадыё зайшла ў будынак на Фрунзэ, 5. Нягледзячы на працоўны час, усе 10 пакояў, што месцяцца на трэцім паверсе Дома літаратара, зачыненыя. Калідор пустуе, шыльды з дзвярэй знятыя...