Танны газ для Еўропы — прастора для манеўраў Лукашэнкі

Газпрам панізіць кошты на газ для Еўропы. Такую заяву зрабіў глава “Газпраму” Аляксей Мілер. Кошт на газ для Беларусі паводле кантракту прымацаваны да еўрапейскага. Ці патаннее газ для нас у такім выпадку? У формуле вылічэння коштаў на газ, прапісанай у нашым кантракце з Газпрамам, адным з элементаў бярэцца кошт на газ у Нямеччыне, і з яго вылічваецца беларуская цана за вылікам транзіту і некаторых іншых параметраў. Тэарэтычна пры памяншэнні еўрапейскага кошту, газ мусіць патаннець і для нас.

Аднак эканаміст Павал Данэйка лічыць, што не ўсё так адназначна, бо Беларусь і так не плаціць кошту па кантракце:

Павал Данэйка: Нашыя пагадненні з Расіяй як бы і дзейнічаюць, але мы ўсё роўна маем кошты ніжэй за тыя, што прапісаныя ў кантракце.

Дык магчыма, нам было б выгадней цяпер, з улікам паніжэння еўрапейскіх коштаў, плаціць паводле ўмоваў кантракту?

Павал Данэйка: Я думаю, што цяпер зноў настае час індывідуальных перамоваў па коштах, таму што губляецца нейкая стабільнасць, доўгатэрміновая вызначанасць у дачыненні кошту.

Павал Данэйка лічыць, што эканамічныя фактары пры фармаванні коштаў на газ –другасныя. Асноўны фактар усё ж – палітычны.

Павал Данэйка: Для Беларусі гэта асноўны фактар. І Лукашэнка вельмі добра ўмее выкарыстоўваць розныя рычагі, каб дамагацца прэферэнцый. Пакуль у гандлі з Расіяй выйграваў заўжды ён.

Павал Данэйка перакананы: паніжэнне сусветных коштаў на энэрганосьбіты дасць Беларусі не столькі эканамічныя перавагі, колькі ўзмацніць нашую пазіцыю ў перамовах, дасць большае поле для манеўраў. Ён прагназуе, што кошт на газ для Беларусі ў наступным годзе ўвогуле не вырасце. Таксама падзенне коштаў на газ павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў, што ва ўмовах крызісу таксама важна.

Аднак у медаля ёсць і адваротны бок. Кошты на нафту таксама падаюць, а для Беларусі гэта мінус, бо мы прадаем на экспарт нафтапрадукты, якія таксама таннеюць.

Павал Данэйка:
  Ніжэйшыя кошты не задавольваюць нас з пункту погляду экспарту, плацежнага балансу, гандлёвага балансу і гэтак далей. Гэта такая палка з 2 канцамі. Зніжэнне коштаў на нафту робіць больш складаным падтрыманне валютнага курсу.