Свой новы альбом Yellow Brick Road спачатку прэзентуе ў Еўропе

Мінскі гурт Yellow Brick Road выдаў другі па ліку студыйны альбом.
Дыск атрымаў назву "Honeymoon" і быў выкладзены ў інтэрнэт раніцай 24-га жніўня, роўна праз год пасля выдання дэбютнага альбома "12 Stories". Як распавёў басіст гурта Зміцер Хламаў, новы альбом атрымаўся больш характэрным для гурта, чым папярэдні:

Зміцер Хламаў: “Першы альбом гэта быў эксперымент. Тое, што было, адразу запісалася, каб паказаць, што ёсць такі гурт. Прайшоў пэўны час і мы зразумелі чаго жадаем. Таму гэты альбом атрымаўся больш асэнсаваным, ён больш характэрны для Yellow Brick Road”.

Матэрыял для альбома быў напісаны і запісаны за месяц, звядзеннем і майстарынгам займаліся самі хлопцы, а натхненне на гэта яны бралі са свайго шчыльнага гастрольнага графіка.

Зміцер Хламаў: “Увогуле Honeymoon у нашым разуменні – гэта самы лепшы час, які бывае ў жыцці ў чалавека. Напрыклад, мы адкаталі два туры і гэта самая незабыўная падзея ў нашым жыцці. Туры сталі крыніцай перажыванняў і эмоцый, якія мы перадалі на новым альбоме”.

Цікава, што над запісам адной з песняў Honeymoon давялося працаваць цэлы тыдзень, і прыцягнуць да гэтага ўсіх знаёмых.

Зміцер Хламаў: “Мы напісалі трэк, які называецца Sell Your Soul To Rock’n’Roll (на дыску S.Y.S.T.R.N.R), і там папросту напрошвалася вялікая колькасць людзей. Мы паклікалі ўсіх сваіх знаёмых, для гэтага спатрэбіўся тыдзень. Людзі прыходзілі пачкамі і ў выніку атрымалася каля сотні чалавек".

Дадамо, што ўжо 28 жніўня музыкі збіраюцца рушыць у тур у падтрымку альбома Honeymoon, які пачнецца канцэртам у Віцебску. За месяц Yellow Brick Road плануе даць каля 20 канцэртаў у Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы і Чэхіі. Скончыць турнэ плануецца ў канцы восені грандыёзным шоў у Мінску.

Зміцер Хламаў: “Нам давялося пайграць канцэрты ў розных краінах і паглядзець, як гэта робяць іншыя людзі. Мы жадаем зрабіць у Мінску канцэрт, у які будзе ўнесена шмат грошай. Не факт, што ён акупіцца, але нам хацелася б паказаць, што і ў беларускіх гуртоў можа быць добрыя шоў сапраўднага еўрапейскага ўзроўню”.

Таксама Зміцер дадаў, што у бліжэйшых планах музыкаў ёсць і здымкі кліпа на адну з песняў новага альбома, і ўжо нават ёсць пэўныя ідэі. Але што гэта за ідэі і на якую песню будзе здымацца відэа музыка не прызнаўся. Маўляў, для ўсяго свой час.