Супраць некалькіх супрацоўнікаў мінскай ДАІ распачалі крымінальную справу

Пракуратура пачала расследаваць абставіны дарожна-транспартнага здарэння 2 сакавіка пад Мінскам, калі ДАІшнікі спынілі п'янага кіроўцу з дапамогай "жывога шчыта" з аўтамабіляў з людзьмі. Пацярпелыя, а іх 6 чалавек (у тым ліку і 3-гадовае дзіця), падалі заяву з просьбай распачаць крымінальную справу. І крымінальная справа сёння была распачатая супраць чатырох супрацоўнікаў аддзела ДАІ Кастрычніцкага РУУС (па артыкуле "Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі"), паведаміла Еўрарадыё адвакат пацярпелых Вера Страмкоўская:

"Пракуратура Мінскай вобласці праводзіць расследаванне. Сёння былі апытаныя ўсе пацярпелыя, прызнаныя яны пацярпелымі... Цяпер мы падлічваем страты, у тым ліку маральныя і матэрыяльныя. Намі будзе пададзена хадайніцтва дадаткова. Таксама мы чакаем выезду на месца здарэння для праверкі схемы і абставінаў, выкладзеных у скарзе".

Паводле словаў Веры Страмкоўскай, кіраўніцтва ДАІ дагэтуль не сустрэлася з гэтымі людзьмі і не прынесла ім прабачэнні:

"Учора толькі... калі можна лічыць прабачэннем прабачэнні начальніка ДАІ, якія ён зрабіў у сродкі масавай інфармацыі. Але на маё пытанне, чаму ён не запрасіў саміх пацярпелых для таго, каб прынесці прабачэнні (калі ўжо яны вырашылі гэта зрабіць), ён не адказаў...".