Спатканне Казуліна з дочкамі пад пагрозай зрыву

Пад пагрозаю зрыву апынулася спатканне Аляксандра Казуліна з дочкамі, прызначанае на 26 красавіка. Падчас апошняга наведваньня Аляксандра Казуліна адвакат Зміцер Гарачка даведаўся, што адміністрацыя не дае дазволу на спатканне ў гэты дзень. Міліцыянты тлумачаць гэта тым, што нібыта 26-га красавіка ня будзе вольнага памяшканьня для сустрэчы вязня з дочкамі. Старэйшая дачка палітыка Вольга гэтак каментуе сытуацыю “Радыё Свабода”:“У калоніі людзі ведаюць, што тых, хто не зьбіраўся праводзіць спатканьне 26-га, прымушаюць скарыстацца менавіта гэтым днём, каб была прычына адмовіць бацьку, што нібыта няма вольнага памяшкання”.Паводле Вольгі Казулінай, гэта нібыта робіцца на загад зьверху пра максімальную ізаляцыю А.Казуліна. Пра фармальныя прычыны адмовы ў спатканні дачка Аляксандра Казуліна запыталася ў лісьце да начальніка калоніі Віцьба-3 Віталя Агнісцікава. Вольга нагадала, што апошняе доўгатэрміновае спатканне са сваякамі ў яе таты было летась у лістападзе. Тады Аляксандр Казулін ў апошні раз бачыўся са сваёй жонкай Ірынай, якая памерла сёлета ў лютым.
Экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Казуліна ўжо два гады трымаюць ў віцебскай калоніі. Палітык пакараны на 5 гадоў зняволеньня паводле суду за хуліганства і арганізацыю вулічных шэсцяў на Дзень Волі 25-га сакавіка 2006-га году.