Самалёцік, які паставіў на вушы Гомельшчыну, растварыўся ў паветры

Міліцыя кінула на пошукі вялікія рэсурсы, да справы падключыўся КДБ, але пілот-хуліган, як сапраўдны шпіён, растварыўся сярод дзесяткаў падазраваных Самалёцік, які пабудзіў 24 ліпеня вёску Белае Балота Рэчыцкага раёна, а потым праляцеў пад мастом цераз Дняпро, паставіў у няёмкае становішча і праваахоўныя органы, і вайскоўцаў. Нарэшце ў Дзень ведаў, 1 верасня, многія СМІ перадалі інфармацыю: “пілота-хулігана і яго самалёцік знайшлі”. 

Але, як даведалася Еўрарадыё, гэтая інфармацыя не пацвердзілася — пілот-хуліган дагэтуль на волі.

“Не маю ўяўлення, адкуль у вас з’явілася інфармацыя. Нічога па гэтай справе сказаць не магу”, — абвяргае інфармацыю СМІ інспектар па прафілактыцы Гомельскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Валынскі.

Высветлілася, што за пілота-хулігана журналісты памылкова прынялі іншага чалавека, які здзейсніў такі ж "подзвіг" у 1990-х.

“Падчас аператыўных мерапрыемстваў удалося ўстанавіць чалавека, які яшчэ ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя здзейсніў аналагічны палёт пад мастом. Аднак яго датычнасць да здарэння не вызначаная. Не ён гэта”, — паведамляюць Еўрарадыё у рэспубліканскай групе інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС на транспарце. 

Міліцыя кінула на пошук пілота вялізныя сілы. Высветлілася, што здзейсніць трукацтва з палётам пад мастом маглі адразу некалькі пілотаў, былых вайскоўцаў. А хто з іх той самы хуліган — невядома.  

“Сёння адпрацавана 49 вёсак, якія знаходзяцца ў 40-кіламетровай зоне ад Рэчыцы, —  тлумачаць у рэспубліканскім УУС на транспарце. — Апытаныя многія жыхары, працягваюць праводзіцца аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы па некалькіх версіях. Устаноўлены некалькі чалавек, якія тэарэтычна маглі здзейсніць палёт пад мастом. Сярод іх ёсць і прафесійныя лётчыкі, якія на прафесійным узроўні здольныя кіраваць лятальным апаратам. У цяперашні момант ідзе праца па ўстанаўленні канкрэтнага пілота”.

Самалёцік нібы распусціўся ў дзесятках іншых лятальных аб’ектаў, якія падчас аператыўных мерапрыемстваў знайшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў. 

Рэспубліканскае УУС на транспарце: “Апроч гэтага былі знойдзены два самалёты заводскай вытворчасці тыпу “Авіятыка-МАІ”, якія належаць аднаму з прадпрыемстваў. Пілоты, якія маглі кіраваць самалётамі, таксама правяраюцца на датычнасць да здзяйснення палёту. Падчас пошуку супрацоўнікі міліцыі выявілі яшчэ некалькі дэльтапланаў, парапланаў і самаробных лятальных аб’ектаў, пра якія раней не было вядома. Многія з іх былі разабраныя. Аднак парушэння правілаў рэгістрацыі і палётаў ва ўладальнікаў не ўстаноўлена”.

Жыхары вёсак, над якімі лётаў самалёцік, таксама блытаюць міліцыю і КДБ. Нехта называе лятальны аб’ект дэльтапланам, нехта самалётам. Ходзяць чуткі, што над Рэчыцкім раёнам лётаў “варожы кукурузнік”, на якім натаўскі шпіён збіраў інфармацыю пра нашую краіну.

Нагадаем, што ў Мазырскім раёне, які месціцца па суседству з Рэчыцкім, знаходзіцца частка супрацьпаветранай абароны, якая забяспечвае паветраную бяспеку прэзідэнту Беларусі, калі той ляціць ва ўсходнім накірунку. Але радары вайсковай часці ў пошуку "варожага кукурузніка" не дапамаглі.

Фота Гомельскага АУС на транспарце