Журналістку Таццяну Бублікаву адпусцілі праз 3 гадзіны пасля затрымання

Нагадаем, журналістку затрымалі ў Першамайскім судзе падчас аднаго з працэсаў, дзе адказчыкам выступала Белтэлерадыёкампанія. Як распавяла Бублікава ў эфіры Еўрарадыё, яе абурыла відавочна прадузятае стаўленне суддзі. Дзяўчына кажа, што доўга трывала, але ўрэшце паднялася і заявіла: "Вы яшчэ чорнае белым назавіце". Пасля гэтага Бублікава выйшла з залы суда. Суддзя палічыла яе паводзіны непавагай да суда.

Па распараджэнні суддзі міліцыянты затрымалі дзяўчыну. Па яе словах, магчымыя два варыянты далейшага развіцця падзеяў. Магчыма, усё абмяжуецца тымі трымі гадзінамі, якія яна ўжо адбыла ў пастарунку. Але не выключана, што суддзя захоча давесці справу да канца і асудзіць Бублікаву за непавагу да суда. Але, адзначае дзяўчына, фармальна гэта будзе складана зрабіць, бо на яе не склалі пратакол.