У Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі “Тэорыя змовы”
Кінараман-фарс пісьменніка Уладзіслава Ахроменкі выйшаў сёлета ў выдавецтве логвінаЎ.
Змест “Тэорыі змовы” наступны. Выпускнік сталічнай ВНУ Скіргайла — натхнёны паэт, высокародны адраджэнец і малады спецыяліст — трапляе па размеркаванні ў Таргачоў — тыповы райцэнтр сінявокай. Скіргайлавы рамантычныя парывы сустракаюць татальнае непаразуменне з боку простых таргачоўцаў, раённай улады, а таксама кантынгенту расійскай ракетнай базы «Волга-Волга», што стаіць у Таргачове. На шчасце, маладзёну выпадае ўнікальны шанец выправіцца ў мінулае — і кардынальным чынам змяніць лёс Радзімы. Патрабуецца для гэтага ўсяго нічога -прадаць душу д’яблу.
У прэзентацыі кнігі “Тэорыя змовы” бяруць удзел Алена Масла, Ева Вежнавец, Серж Мінскевіч, Аксана Спрынчан, Яраш Малішэўскі, Максім Клімковіч і Уладзімір Някляеў. Імпрэза пройдзе сёння, 17 снежня ў Кнігарні логвінаЎ а 19.00 (Мінск, праспект Незалежнасці, 37а). Уваход вольны.