Па якой схеме нам прапанавалі пастаўляць “легальныя” псіхатропы з Расіі

Прайшоў месяц пасля ўвядзення у беларускі закон аб наркотыках паняцця “аналаг”. Аб’явы аб продажы “парашкоў”, “міксаў”, “соляў” з беларускага інтэрнэту збольшага павыдалялі. Але буйныя дылеры з-за мяжы прапаноўваюць новыя і новыя шляхі паставак. 

Па аб’яве ў інтэрнэце звяртаемся да такога дылера ў Расіі. У выніку атрымліваем скайп-кантакт Ромы, пачынаецца перапіска.  

Рома: Здарова, ты з чаго ўзяў, што я нешта прадаю?

 

―Пабачыў аб’яву ў інтэрнэце. Наконт псіхатропаў, “дызайнерскіх наркотыкаў”…

Рома: Маркі ёсць харошыя, на новым рэагенце.

―Пад “аналагі падпадаюць”?

Рома: Не.

―Ці праверылі іх лабараторна?

Рома: Так, змагу выслаць пацвярджэнне. Заключэнне экспертнай лабы.

― Якая цана?

Рома: 100 марак за 20 тысяч расіі зраблю, бро.

― Які эфект?

Рома: Не апісаць, бро, ты ж займаешся псіхатой. Эфект, як у ЛСД.

― А дзе вы знаходзіцеся?

Рома: У Маскве. Экспертызу змагу зрабіць да замовы. Пойдзе поштай. Лісты сам разрэжаш 1см на 1 см. Гэта “легалка”, проста прапітаныя лісты.  Усё граматна, бро. Аплата QIWI (віртуальны плацёжны сэрвіс, які функцыянуе ў Расіі, Беларусі, Аргенціне, Панаме і г.д., ― Еўрарадыё).

―Няма пытанняў, калі “легалка”. Але ці можаш выслаць мне скан гэтай лабараторнай экспертызы?

Рома: Я табе кажу, бро, няма за што перажываць. Экспертыза будзе ў пасылцы.

―Гэта рызыка…

Рома: Экспертыза ёсць у адпраўшчыкоў. Я табе кажу… 

На гэтым перапіска абарвалася. Выходзіць, дылер сам не ведае, што прадае. А словы пра лабараторную экспертызу ― падман.  Калі Ромавы “маркі” ў беларускай лабараторыі  прызнаюць “аналагам”, то за іх распаўсюджанне пасадзяць гадоў на сем.  Калі не, то гандляр атрымае штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

У тым ліку хітрае ўвядзенне ў закон аб наркотыках паняцця “аналагі” (здарылася ў кастрычніку гэтага года), збіла беларускіх дылераў з панталыку.

Для параўнання. У верасні 2011-га года мы налічылі ў адной з папулярных  сацыяльных сетак 24 суполкі па продажы “парашкоў”, “міксаў” і “соляў”. І гэта толькі па Мінску. Плюс шэраг спецыялізаваных сайтаў, дзе барыгі не баяліся пакідаць нумары тэлефонаў. Падчас расследавання крымінальных спраў высвятлялася, што некаторыя гандляры (прытым не самыя тлустыя рыбёшкі) за год працы мелі да 700 тысяч долараў чыстага прыбытку.  

У сераду 21-га лістапада гэтага года мы знайшлі толькі тры суполкі ў інтэрнэце. Працаваў адзін тэлефонны нумар, па якім нам паабяцалі за 50 долараў прадаць  парашок, якога, па словах барыгі, “хопіць на пяць чалавек”.  

baryha.mp3

Таксама аднавіў працу адзін з раскручаных сайтаў: звязацца з дылерамі прапаноўваюць праз электронную скрыню.  Змены ў параўнанні з мінулым годам ― відавочныя.

Адна з рэдкіх адкрытых аб'яў у сацсетках

Сяргей Барзакоўскі, начальнік аддзялення ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама, тлумачыць, што радыкальных зменаў у законе не здарылася. Але і гэтага хапіла, каб зрабіць удар па гандлярах “соляў”, “міксаў”, “парашкоў” і г.д..   

Сяргей Барзакоўскі: “Любы дылер адсочвае сітуацыю, звязаную з прыняццем закону. Яны адсочваюць “Рэспубліканскі пералік”, у які ўносяцца змены. Раней як было? У “Пералік” унесены новы псіхатроп. Яны перастаюць яго пастаўляць. Але тут жа робяць дробную змену ў хімічнай формуле ― і гэта ўжо новы псіхатроп, які пакуль не ўнесены ў “Пералік”. А пасля змены ў законе  яны даведаліся, што ўведзена паняцце “аналаг”.  І яны баяцца выстаўляць аб’явы, бо не ведаюць, прызнаюць гэта рэчыва “аналагам” ці не прызнаюць. Не кожны зараз рызыкуе, таму што думае: а раптам гэта рэчыва  патрапляе пад дзеянне закона і акажацца наркотыкам ці псіхатропам. Можа быць, экспертыза гэтага і не пакажа, але для іх гэта ўсё роўна праблема”.


Калі раней нямала крымінальных справаў па гандлярах “солямі”, “міксамі” і “парашкамі” рассыпаліся на стадыі расследавання і пры разглядзе ў судах, то ў гэтым годзе нарэшце праваахоўнікі вышлі на больш-менш супольную стратэгію барацьбы з дылерамі. 

Сяргей Барзакоўскі: “Правялі круглыя сталы і аператыўныя пасяджэнні, у якіх бралі ўдзел пракуратура, следчы камітэт, наша упраўленне па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. І работа зварушылася. Пазіцыя судоў раней была незразумелая, але мы прыйшлі да агульнага меркавання”.