Мінскі мясакамбінат: Вырабляем менш, бо не хапае сыравіны

110815 Zubliuk_Miaso.mp3

На “Мінскім мясакамбінаце” Еўрарадыё скардзяцца на недапастаўкі сыравіны з боку сельскіх гаспадарак.

Мінскі мясакамбінат: “Недапастаўкі істотныя. Выкананне дзяржзаказу складае 86-90% ад узроўня мінулага года. Калі раней выраблялі 65-70 тон вырабаў, то зараз 55-60 тон у месяц. Але стараемся цалкам задавальняць усе заяўкі Мінска і Мінскай вобласці. Было б больш сыравіны — больш бы і выраблялі”.

Супрацоўніца эканамічнага аддзела Мясакамбіната кажа, што сёлета экспарт у Расію павялічыўся на 16% у грашовым выражэнні. Па аб’ёме амаль не змяніўся.

“Па аб’ёмах па мясе экспарт нават знізіўся на 5%, а каўбасы засталіся на тым жа ўзроўні. Гэта каўбасныя вырабы, вотруб'е, шкуры, паўфабрыкаты, тлушч”.

На “Гродзенскім мясакамбінаце” экспарт складае 25-35% ад агульнага аб’ёма прадукцыі, якая там вырабляецца. Хоць апошнім часам прадпрыемства і працуе на поўную моц, у аддзеле знешнеэканамічнай дзейнасці адмаўляюць павелічэнне экспарту ў Расію ці іншую краіну. Тым не менш, кожны тыдзень у бок усходняй мяжы выязджае некалькі 20-тоннікаў з гродзенскім мясам.

“Нельга сказаць, што экспарт павялічыўся. Грузім, у асноўным, мяса на касці, свініну ўжо 3 тыдні ў Расію не адпраўляем. За тыдзень экспартуем у Расію 5-10 тон вырабаў”.

“Гродзенскі мясакамбінат” таксама сутыкнуўся з недахопам сыравіны. Згодна з распараджэннем Гродзенскага аблвыканкама, мясакамбінат мусіць даплачваць гаспадаркам за буйную скаціну. І пакуль гаспадаркі перакормліваюць скаціну, мясакамбінат… чакае паставак.

“Гаспадаркі зацікаўленыя перакормліваць і трымаць гэтую скаціну. Бываюць замінкі. Нам трэба меней, а яны трымаюць болей. Не бывае, каб у нас не было ўвогуле сыравіны, але даводзіцца шукаць у іншых гаспадарках”.


Як даведалася Еўрарадыё, замінкі з пастаўкамі скаціны назіраюцца не толькі з-за жадання сельскіх гаспадарак зарабіць. На саўгасе “Слуцк” наадварот — не хапае камбікормаў. Намеснік галоўнага бухгалтара саўгаса “Слуцк” Віктар Пазнякоў кажа, што і набыць іх нельга — няма грошай.

“Такое назіраецца ўжо 4-5 месяцаў. Без камбікорму атрымоўваецца скаціны з меншым сярэднесутачным прыбаўленнем у вазе.”

Такім чынам, адны скаціну перакормліваюць, іншыя — недакормліваюць. Мяса не хапае ў кожным разе.

Фота: redandblack.com.ua