Міліцыя абвяргае звесткі пра масавыя затрыманні ў Крупках
Таксама абласная міліцыя адпрэчвае інфармацыю, быццам спецназ збіваў людзей.
Міліцыянты паведамілі агенцтву БелаПАН, што на тэрыторыі Крупскага раёна адзначаны рост ліку злачынстваў у грамадскіх месцах. Таму 18—21 лістапада тут правялі спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Правапарадак". У ім крупскай міліцыі дапамагалі 11 супрацоўнікаў спецназу.
За тры дні на тэрыторыі Крупскага раёна правераныя 19 дыскатэк і забаўляльных установаў. За дробнае хуліганства аштрафаваныя 13 чалавек, за знаходжанне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскіх месцах — 27 чалавек, адзін затрыманы за захоўванне наркотыкаў (пры ім было 3,3 грама марыхуаны).
Міліцыянты кажуць, што нікога не збівалі і толькі адзін раз ужылі спецсродак — начапілі кайданкі на п'янага.