Магілёўскія яўрэі ўшанавалі дзень Катастрофы

23 кастрычніка магілёўскія яўрэі памінальнай малітвай адзначылі дзень Катастрофы. Да памятнага знаку “У памяць аб яўрэях – ахвярах нацызму”, што на вуліцы Лазарэнкі, прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек. Тут ля камня з высечанымі на ім далонямі былі прачытаныя малітвы памяці.

Пасля малітваў людзі ўсклалі да памятнага знаку, паводле традыцыі, каменчыкі, запалілі свечкі памяці і разышліся, паведамляе “Радыё Свабода”.

Дзень Катастрофы (Йом ха-Шоа) – нацыянальны дзень жалобы ў Ізраілі і за яго межамі. Ён устаноўлены Кнэсэтам у 1951 годзе. У гэты Дзень па ўсім свеце згадваюць яўрэяў – ахвяраў нацызму. Халакост забраў жыцці 6 мільёнаў яўрэяў.