Дзень волі: канцэрт забароненых музыкаў ці кветкі да класікаў

130225_martin_dv.mp3

Аргкамітэт па святкаванні Дня волі вырашыў правесці шэсце, мітынг і канцэрт з забароненымі музыкамі 24 сакавіка. Запросяць нават чыноўнікаў, анансуе намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч:

“Мы падалі заяўку на правядзенне сходу ў ПК МТЗ — 24 сакавіка, у нядзелю. Мы плануем, што з відэазваротам звернецца Івонка Сурвіла. У другой частцы мерапрыемства мы плануем канцэрт, дзе хацелі б пачуць Лявона Вольскага і іншых музыкаў з чорных спісаў. Мы не дзелім грамадства, таму хацелі б запрасіць прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Акадэміі навук”.

Але пакуль ні канцэрт у палацы культуры МТЗ, ні шэсце з мітынгам на плошчы Бангалор улады не дазволілі. Заяўкі на гэтыя мерапрыемствы яшчэ разглядаюць чыноўнікі, і калі забароняць — палітыкі пойдуць ускладаць кветкі да помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу. Такі сімвалічны жэст тлумачыць старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“У тым выпадку, калі не будзе атрыманы дазвол на вулічнае мерапрыемства, тады ўскладанне кветак застанецца адзінай нагодай. Тады будзем запрашаць людзей таксама ўскладаць кветкі. Але гэта плануецца не як масавая імпрэза, а як сімвалічны жэст”.

Альтэрнатыўных акцый ці флэш-мобаў на Дзень волі палітыкі не прагназуюць. Маўляў, не тая сітуацыя ў грамадстве. І спадзяюцца адзначыць свята хаця б паводле адной запланаванай схемы, працягвае Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч:На дадзены момант нам не вядома, каб ствараліся іншыя аргкамітэты. І я думаю, што ў гэтым годзе не будзе альтэрнатыўных прапаноў.  Добра, каб нам хапіла сілаў годна адзначыць па адной праграме гэтую дату”.

Палітолаг Яўген Прэйгерман не чакае ад сёлетніх угодкаў БНР сюрпрызаў і прагназуе хіба толькі сімвалічную акцыю.

Яўген Прэйгерман: “Гэта не першы год, калі ад гэтага мерапрыемства можна чакаць толькі сімвалічнага выніку, што людзі памятаюць пра гэтую дату. Не думаю, што праз нейкі такі фармат гэтай акцыі можна выйсці на мабілізацыю людзей”.

Адна з мэтаў сёлетняга Дня волі — прыцягненне ўвагі да знакавай даты ў гісторыі Беларусі. Але і гэтай мэты, паводле палітолага, шэсцем не дасягнеш.

Яўген Прэйгерман: “З такім простым падыходам — калі людзі будуць ехаць у аўтобусе і бачыць калону са сцягамі — наўрад ці гэта падбухторыць людзей да цікавасці”.

Нагадаем, 25 сакавіка — 95 угодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень волі традыцыйна адзначаецца ў Беларусі з 1990-х гадоў.