Беларускае фігурнае катанне: зборы за 2$ і прастойванне лядовых палацаў

Алімпійскі чэмпіён з ЗША Эван Лайсачак у красавіку гэтага года прадказаў юным беларускім фігурыстам зорную будучыню: “Уражаны ўзроўнем беларускага фігурнага катання. У вас хутка з’явяцца яркія асобы”.


А днямі срэбраны прызёр чэмпіяната Беларусі Міхаіл Каралюк паскардзіўся “Прессболу”, што за дзень збораў атрымаў усяго 14,8 тысячы рублёў (то бок, менш за два долары).

“Можа гэта памылка друку?” ― цікавімся ў яго мінскага трэнера Яўгена Тарасава.

“Не, гэта праўда. Хапіла на бутэрброд з каўбасой і шклянку гарбаты, ― падлічвае спецыяліст. ― А трэнерам нават і не выплацілі нічога”.

Цікавімся, як аплачваюцца зборы ў гомельскіх спартсменаў: там жыве тры найлепшыя беларускія фігурысткі. А трэніруе іх Аляксандр Марозаў, старшыня дырэктарата па фігурным катанні Беларускага саюза канькабежцаў.

“Мы праводзілі аналагічны збор. Мае спартсмены атрымалі харчаванне па 48 тысяч рублёў на дзень”, ― узгадвае трэнер.

Еўрарадыё: Чаму пры такім забеспячэнні Лайсачак заявіў пра высокі ўзровень беларускага фігурнага катання? Для прыстойнасці?

Аляксандр Марозаў: Я быў асабіста на яго ўроках, дапамагаў у арганізацыі майстар-класу. Яму спадабаліся нашы маладыя спартсмены вельмі. Яны сапраўды вельмі прыстойнага ўзроўню. На днях скончыўся чэмпіянат краіны. Усе тры прызёры-дзяўчынкі валодаюць трайнымі скачкамі, маюць сучасную праграму сусветнага ўзроўню. Ёсць пяць хлопцаў, якія валодаюць усімі трайнымі скачкамі. Сусветнай праграмай валодаюць яны, вартыя сусветнай увагі!

Еўрарадыё: …і так сціпла фінансуюцца? Від жа алімпійскі!


Аляксандр Марозаў: У нас сапраўды праблема ў татальным дэфіцыце фінансавання. Спартсмены амаль не выязджаюць на так званую сусветную серыю турніраў. Усе ўдзельнічаюць у васьмі этапах, а мы ў адным, двух. Таму нашы таленавітыя спартсмены не трапляюць у рэйтынгі.

Сістэма падобная на біятлон ці тэніс. Калі б Азаранка не выступала ўвесь час на сусветных турнірах, то вылецела б з рэйтынгаў. Фігурнае катанне, напэўна, лічыцца не самым значным відам спорту для краіны.

Еўрарадыё: Хоць палова Беларусі, напэўна, глядзіць па тэлебачанні чэмпіянаты свету…

Аляксандр Марозаў: За паўгода мы праехалі ўсю краіну, рабілі паказальныя выступленні ў новых лядовых палацах. Дык у большасці з іх фігурнага катання няма. Альбо хакей, альбо ўвогуле нічога. Але падчас выступленняў у залах быў аншлаг, усё было забіта. Да нас падыходзілі: “Як нам адкрыць аддзяленне фігурнага катання?” Трэба запрашаць туды спецыялістаў, якім неабходна стварыць элементарныя ўмовы. Хаця б службовае жыллё. Спецыялісты паехалі б працаваць у Бабруйск, Магілёў ці, скажам, у Гродна. Але мясцовыя ўлады кажуць: “Нам не было ўказання выдзеліць жыллё”.

Еўрарадыё: І ўсё ж, ці магчыма падрыхтаваць у Беларусі чэмпіёнаў, калі зменяцца ўмовы? Каб, скажам, прэтэндаваць на медалі Алімпіяды?

Аляксандр Марозаў: Абсалютны адказ ― так! Прывяду вам такі прыклад. У 1980-х гадах спаборнічалі з прыбалтамі. Латышоў, літоўцаў і эстонцаў мы білі, перамагалі. Пасля распаду СССР яны пачалі развіваць фігурнае катанне, і сёння ўсе гэтыя тры краіны ў нас выйграюць. Эстонкі, з якімі мы спаборнічалі, сёння ўваходзяць у сусветную дзясятку моладзевага фігурнага катання. Уяўляеце? Літоўская фігурыстка Аляксандра Галоўкіна займае 1-2 месца ў сусветным рэйтынгу маладых спартсменаў. І ў гэтым няма нічога гераічнага, яны проста спакойна ўключыліся ў сусветную сістэму развіцця віда спорту. Пастаянна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Іх ведаюць суддзі, што таксама вельмі важна.

Трэнеры падкрэсліваюць, што ў забеспячэнні беларускага фігурнага катання не ўсё так безнадзейна. За дзяржаўны кошт найлепшым спартсменам шыюць добрыя дарагія касцюмы. Але нават топавым трэнерам не выдзяляюць відэакамеры, каб паказваць вучням іх памылкі. 

Фота edelsfashion.blogpost.com