Пасля доўгага перапынку выйшаў з друку нумар "Белорусской деловой газеты"

Новы нумар калісьці папулярнай "Белорусской деловой газеты" выйшаў з друку пасля доўгага перапынку. Аднак гэта яшчэ не аднаўленне рэгулярнага выхаду недзяржаўнага выдання, якое цяпер існуе ў Інтэрнэце. Галоўны рэдактар Пётр Марцаў кажа, што гэта зроблена для таго, каб газета не згубіла ліцэнзію.

Нагадаем, "Белорусская деловая газета" прыпыніла свой выхад у сакавіку 2006 года пасля працяглага змагання за сваё існаванне. Немагчымасць прысутнасці ў легальнай сістэме распаўсюду, якая кантралюецца дзяржавай, стала апошняй кропляй.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Пётр Марцаў кажа пра тое, калі БДГ цалкам вернецца да чытача:

"Я лічу, што бясплатна распаўсюджваць бізнэс-выданне ў нашай краіне няправільна. Таму я чакаю, калі дазволяць калі не друкавацца, дык хаця б распаўсюджвацца праз пошту і "Саюздрук". Толькі дазволяць — газета адразу адновіць свой выхад".