Па справе, якую "раскрыў Лукашэнка", пракурор папрасіў 22 гады зняволення

На судзе над Юрыем Івановым, якога вінавацяць у забойстве магіляўчанкі ў 2009 годзе, пракурор папрасіў для абвінавачанага 22 гады пазбаўлення волі, інфармуе БЕЛТА.
Пракурор лічыць, што віна мужчыны цалкам пацвярджаецца матэрыяламі крымінальнай справы. Напрыклад, ён добраахвотна напісаў яўку з павіннай, у якой указаў, што ўчыніў забойства. У гутарцы з сукамернікам ў ІЧУ у 2009 годзе ён казаў пра некаторыя абставінах забойства, вёўся запіс гэтай размовы. Дарэчы, раней паведамлялася, што на першым судзе гэты запіс не быў прыняты судом як атрыманы незаконна.
Паводле абвінавачання, у лютым 2009 года магілёвец у нецвярозым стане пасля сваркі са знаёмай нанёс ёй не менш за 41 удар па розных частках цела. Гэта прывяло да смерці жанчыны на месцы здарэння ад моцнай страты крыві. З дому пацярпелай ён скраў яе асабістыя рэчы, у тым ліку тэлефон, залаты пярсцёнак, завушніцы, пашпарт.
У 2010 годзе Магілёўскі абласны суд вынес апраўдальны прысуд па гэтай справе за недаказанасцю віны. У 2017 годзе расследаванне было адноўленае па асабістым указанні Аляксандра Лукашэнкі, да якога на прыём прыйшоў бацька загінулай жанчыны. Паведамлялася, што суд адноўлены па наноў адкрытых абставінах.
Разгляд справы ў Вярхоўным судзе пачаўся 27 сакавіка.