На "Еўрабачанні" мы далі Польшчы 2 балы, Украіне — 1. І хто каму добры сусед?
Пасля "Еўрабачання" беларусы пачалі наракаць на суседзяў. Маўляў, калі за нашых артыстаў не галасуюць у Літве, Польшчы і ў Расіі, дык і сяброўства ніякага насамрэч няма — адны размовы. Гарачыя галовы нават пачалі агітаваць за байкот віленскага гандлёвага цэнтра "Акропаліс".
Іншыя раптам даведаліся, што сапраўдныя сябры Беларусі жывуць у Азербайджане і ва Украіне, бо журы з гэтых дзвюх краін паставіла дуэту Naviband максімальны бал — 12.
Колькі балаў Naviband атрымаў з розных краінаў:
| Балы | Ад журы | Балы | Ад гледачоў |
| 1 | Вялікабрытанія, Ізраіль | 1 | Літва, Малдова |
| 2 | Балгарыя, Латвія, Мальта | 2 | Ізраіль, Эстонія |
| 3 | Грэцыя, Малдова | 3 | Чэхія |
| 5 | Харватыя | 4 | Польшча |
| 7 | Аўстрыя | 6 | Грузія, Латвія |
| 12 | Азербайджан, Украіна | 8 | Украіна |
| Усяго: 50 | Усяго: 33 |
Так, займаць 17-е месца крыўдна. Але сварыцца праз гэта з (амаль) усімі суседзямі, на нашу думку, немэтазгодна. Тым больш, што беларусы і самі сваіх суседзяў не вельмі падтрымалі! Мяркуйце самі: польскай спявачцы Касі Мось беларускае журы дало 2 балы, а ўкраінцам "O.Torvald" усяго 1 бал "адшкадавалі" беларускія гледачы. І ўсё!
Літва, Латвія і Расія ў фінале "Еўрабачання" не ўдзельнічалі. Атрымліваецца, з 48 балаў, якія беларусы сумарна маглі даць суседзям, мы далі ім... тры. А больш за ўсё спадабаліся нашаму журы і гледачам Балгарыя (24 балы), Партугалія (17) і Швецыя з Нарвегіяй (па 11) і Малдова (10). Вось такая геапалітыка!
| Балы | Ад журы | Ад гледачоў |
| 12 | Балгарыя | Балгарыя |
| 10 | Партугалія | Малдова |
| 8 | Нарвегія | Венгрыя |
| 7 | Нідэрланды | Партугалія |
| 6 | Аўстрыя | Бельгія |
| 5 | Швецыя | Нарвегія |
| 4 | Аўстралія | Францыя |
| 3 | Данія | Швецыя |
| 2 | Польшча | Румынія |
| 1 | Ізраіль | Украіна |
Таксама цікава, як разышліся сімпатыі беларускага журы і беларускіх гледачоў. Малдову і Венгрыю, якую адзначылі гледачы, журы ўвогуле праігнаравала. Затое тэлевізійная аўдыторыя конкурсу не заўважыла аўстралійскага спевака Isaiah, а Робіна Бенгтсана са Швецыі ацанліа нашмат больш сціпла, чым прафесіяналы.
Затое Крысціян Костаў з Балгарыі спадабаўся ўсім. Ён атрымаў максімальны бал і ад журы, і ад гледачоў з Беларусі. А перамог усё роўна партугалец Салвадор Сабрал, што праўда, таксама фаварыт беларусаў!