Мірон распачаў бел-чырвона-белы марафон у Віцебску

У пятніцу ўвечары на выездзе з Віцебску на высакавольтнай лініі перадач з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг.
Як паведаміў вядомы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, спасылаючыся на крыніцы, вартыя даверу, да сцяга была прымацавана цыдулка з надпісам: "Гонар і пашана першаму прэм'еру і міністру замежных спраў урада Беларускай Народнай рэспублікі Язэпу Варонку. Слава героям БНР! Жыве Беларусь, жыве вечна!".

Па словах Хамайды, такім чынам сёння распачалася доўгатэрміновая "бел-чырвона-белая" акцыя.

Барыс Хамайда: "Мірон будзе праводзіць бел-чырвона-белы марафон, прысвечаны найвялікшаму святу — 90-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай рэспублікі".

Сцяг правісеў каля паўгадзіны, потым яго сарвала ветрам. Мінакі не кінулі сцяг на дарозе, нехта забраў яго яшчэ да прыезду міліцыі.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск