Міліцыя са Старых Дарог правяла спецаперацыю ў Мінску - захапіла В. Сіўчыка

Палітыка Вячаслава Сіўчыка затрымалі сёння каля будынка Маскоўскага суда сталіцы, дзе праходзіць працэс над прадпрымальнікам Сяргеем Парсюкевічам. Сіўчык паспеў паведаміць, што яго схапілі міліцыянты з горада Старыя Дарогі (Мінская вобласць).  Палітык не захацеў сёння з'яўляцца ў міліцыю Старых Дарог па позве, бо яму не паведамілі з якой нагоды яго выклікаюць. Тады міліцыянты самі прыехалі за ім.

Як паведамляе БелаПАН, позва Сіўчыку можа быць звязана з устанаўленнем 19 красавіка мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна ў памяць пра мірных жыхароў, знішчаных у 1943 годзе савецкімі партызанамі.

У акцыі ўдзельнічалі больш за 30 чалавек, у тым ліку жыхары вёскі і сведкі трагедыі. Прадстаўнікі ўладаў і праваахоўных органаў спрабавалі перашкодзіць устанаўленню крыжа, але цырымонія ўсё ж адбылася.