Клімаў і Казулін не трапляюць пад амністыю, бо так вырашыў прэзідэнт

Як стала вядома Еўрарадыё, Аляксандру Казуліну і Андрэю Клімаву дарэмна спадзявацца не толькі на амністыю, але і на скасаванне тэрмінаў зняволення на год — новы Закон “Аб амністыі” гэта, як у мінулыя гады, не прадугледжвае.

24 кастрычніка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачнуць вырашаць, каго са зняволеных можна выпусціць на волю па амністыі, а каму давядзецца альбо даседжваць свой тэрмін цалкам, альбо чакаць чарговай амністыі. Еўрарадыё стала вядома, што такім зняволеным, як Аляксандр Казулін і Андрэй Клімаў, на амністыю спадзявацца не выпадае.


Па словах жонкі Андрэя Клімава Таццяны, яны адпачатку не верылі і не спадзяваліся на вызваленне па амністыі. Іншая справа, што нават скасавання тэрміну на год, як гэта было падчас ранейшых амністый, не будзе.


Таццяна Клімава: “Той праект, які я бачыла, цалкам выключае яго вызваленне. Праект амністыі ўвогуле мяркуецца вельмі скарочаны. Ён адрозніваецца ад мінулых амністый тым, што нікому са зняволеных не прадугледжвае змяншэння пакарання на адзін год”.


Як стала вядома Еўрарадыё, у такім “скарочаным” выглядзе праект закону прыйшоў да дэпутатаў ад прэзідэнта. І хутчэй за ўсё, у такім выглядзе ён і будзе зацверджаны. Пра гэта нам паведаміў старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Белашэўскі.


Анатоль Белашэўскі: “Законапраект гэты ўсе дэпутаты ўжо вывучылі, і заўваг ніякіх не паступіла”.


Ужо нават вядома прыблізная лічба тых, каму пашчасціць быць амніставаным. Па падліках МУС і старшыні камісіі, на волю выйдуць каля 3 тысяч чалавек.


Анатоль Белашэўскі: “З устаноў закрытага тыпу будзе вызвалена 1682 чалавекі. Я думаю, што колькасць крыху павялічыцца, бо суды выносяць прысуды штодня. І 850 будзе вызвалена з устаноў адкрытага тыпу”.


На думку дэпутата, гэта нават зашмат, бо за апошнія сем год гэта ўжо 5-я амністыя. А тое, што ў ім адсутнічае скарачэнне тэрмінаў зняволення на год, патлумачыў жаданнем прэзідэнта.


Анатоль Белашэўскі: “Я думаю, што прычына ў тым, што яго ж накіраваў кіраўнік дзяржавы, законапраект гэты”.


Як высветлілася падчас размовы, старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы не толькі не ведае, ці патрапяць пад амністыю самыя вядомыя зняволеныя краіны Казулін і Клімаў, але і па якім артыкуле Крымінальнага кодэксу яны былі асуджаныя.


Анатоль Белашэўскі: “Для вас вядомыя, а для мяне яны так, шараговыя. Не мае значэння, вядомы ці не. У законе пералік амніставаных ідзе па артыкулах і дзе санкцыі не перавышаюць 6 гадоў. Дарэчы, я і не цікавіўся, па якіх яны артыкулах сядзяць. Калі вы можаце сказаць артыкул, я вам скажу, ці будуць яны амніставаныя”.


На просьбу Еўрарадыё даць азнаёміцца з Праектам закону дэпутат адказаў адмовай. Але пагадзіўся пералічыць артыкулы, асуджаныя па якіх людзі не патрапляюць пад амністыю.


Анатоль Белашэўскі: “Злачынства супраць асабістай свабоды і гонару; супраць уласнасці; супраць парадку ажыццяўлення і кіравання эканамічнай уласнасцю; супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці; супраць інфармацыйнай бяспекі; супраць дзяржавы, супраць парадку кіравання; супраць інтарэсаў спецслужбаў і гэтак далей”.


З пералічанага бачна, што нават не ведаючы, па якіх артыкулах былі асуджаныя палітыкі, можна не сумнявацца – амністыя ім “не свеціць”.