Камароўскі хваліцца сям'ёй, Качыньскі саджае дрэвы, а левыя пішуць рэп
Еўрарадыё паназірала за тым, як агітуюць польскія кандыдаты ў прэзідэнты (фота+відэа).
Перадвыбарчая кампанія ў Польшчы набірае абароты. На польскіх вуліцах можна пабачыць плакаты і першыя рэкламныя білборды кандыдатаў ў прэзідэнты, а ў інтэрнэце праглядзець іх агітацыйныя відэаролікі. Першым свой рэкламны спот прэзентаваў галоўны фаварыт перадвыбарчай гонкі – спікер Сейма Браніслаў Камароўскі. “Калі мяне пытаюць, адкуль я, то я адказваю заўсёды – з Польшчы. З якой часткі канкрэтна? Канкрэтна з усёй Польшчы” – кажа ў роліку кандыдат.
Кандыдат у прэзідэнты распавядае, адкуль ён паходзіць і ў якіх гарадах яму прыходзілася жыць. У роліку можна таксама пабачыць барак пад Варшавай, у якім Браніслаў Камароўскі правёў дзяцінства, і кватэру, у якой ён выхаваў пяцёра сваіх дзяцей. Вялікая сям’я гэта адзін з галоўных матываў кампаніі Камароўскага. Праўда выбарчы спот кандыдата ў прэзідэнты вельмі нагадвае ролік яго аднапартыйца Дональда Туска з 2005 года.
Першы рэкламнае відэа зняў таксама галоўны канкурэнт спікера Сейму – лідэр партыі “Права і Справядлівасць” Яраслаў Качыньскі.
На кадрах ён апавядае пра дуб 700-гадовай даўніны і садзіць новыя дрэвы, а таксама кажа пра адказнасць перад іншымі пакаленнямі. Слоган кампаніі Яраслава Качыньскага – “Польшча важней за ўсё”.
Яраслаў Качыньскі: “Калі я думаю пра Польшчу, то часта ўспамінаю сімвалы нашай гісторыі. Дуб Бартэк гэта нямы сведка нашай гісторыі. Ён быў з намі ў добрыя часы і калі тысячы палякаў аддавалі жыццё за незалежнасць. Толькі дзякуючы ім мы сёння жывем у вольнай краіне. Але каб захаваць моц дзяржавы і дабрабыт грамадства, трэба ўвесь час пра іх клапаціцца. Прымаючы рашэнне сёння, мы бярэм адказнасць за лёс будучых пакаленняў”.
Дарэчы, першая сцэна роліка, добра знаёмая польскім выбарцам з мінулай прэзідэнцкай кампаніі. У тым жа самым кабінеце 5 гадоў таму здымаў свой выбарчы ролік і загінуўшы брат Яраслава Качыньскага – Лех. Той жа фон у 2005 годзе выкарысталі ў агітплакатах.
А вось трэці па папулярнасці кандыдат у прэзідэнты Гжэгаж Наперальскі з партыі “Саюз дэмакратычнай лявіцы” (SLD) замест відэароліка прадставіў публіцы агітацыйны рэп.
“Е, е, е , Эс-Эль-Дэ, - гучаць словы прыпева,- Наперальскі цябе вядзе. Мы пераможам я і ты, гэта лявіцы новы рытм”. А фонам чуваць: “Гжэгаж, не здавайся! Мы пераможам!”
Па словах прэс-службы кандыдыта, гэта толькі пачатак. Наступная песня будзе ў стылі дэнс і з відэакліпам. А ад агітацыйных білбордаў Гжэгаж Наперальскі вырашыў увогуле адмовіцца. Першым такое рашэнне прыняў штаб Браніслава Камароўскага адразу пасля трагедыі 10 красавіка пад Смаленскам. А вось Яраслаў Качыньскі, брат якога загінуў у катастрофе, ужо размясціў свае рэкламныя білборды ў гарадах.
Па дадзеных соцапытанняў, 56% польскага грамадства супраць такога спосабу перадвыбарчай агітацыі. Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі вялізныя білборды з тварамі кандыдатаў віселі на кожным кроку. На гэты конт нават з’яўляліся анекдоты:
- Скажыце, як дайсці да супермаркета?
- Вельмі проста: 3 Туска налева, а потым 2 Качыньскіх направа.
Агітацыйныя плакаты Гжэгажа Наперальскага і кандыдыта ад сялянскай партыі PSL Вальдэмара Паўляка
Штаб Браніслава Камароўскага распаўсюджвае таксама агітацыйныя кашулькі з карыкатурамі свайго кандыдата пад лозунгам: "Камароўскі ацяпляе будынкі"
Фота: jaroslawkaczynski.info, tvn24.pl, bronislawkomorowski.pl, napieralski.com.pl