Глеб, магчыма, ужо не гулец "Арсенала", але афіцыйнага пацверджання няма

Беларус Аляксандр Глеб ужо не гулец лонданскага "Арсенала". Такую заяву ў інтэрв'ю газеце "Прессбол" зрабіў мэнэджэр футбаліста Улі Фербер.  "Магу афіцыйна вам паведаміць, што з нядаўняга часу Аляксадар Глеб прыняў рашэнне спыніць выступы за «Арсенал» і змяніць клуб", - сказаў Фербер. Паводле яго словаў, Глеб, які адгуляў за каманду тры сезоны, прыйшоў да высновы, што "трэба нешта змяняць". І кіраўніцтва клуба яго рашэнне прыняло.

Вось як пракаментаваў гэтую інфармацыю ў інтэрв'ю Еўрарадыё агент футбаліста Мікалай Шпілеўскі:

"Што датычыць яго кантрактных абавязацельстваў перад "Арсеналам", на сённяшні дзень яго кантракт з гэтай камандай - два года. Што будзе заўтра ці пазаўтра, гэтага ніхто не ведае... Размоваў шмат, ніхто гэтага не адмаўляе. Аднак афіцыйнай інфармацыі няма". 

Пакуль дакладна невядома, у якой камандзе можа працягнуць сваю футбольную кар'еру Аляксандр Глеб. У СМІ называліся італьянскія "Інтэр" і "Мілан", іспанскія "Барселона" і "Рэал" (Мадрыд).