ЕС па-ранейшаму заклапочаны сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Еўрасаюз гатовы перагледзець санкцыі ў адносінах беларускіх чыноўнікаў і павялічыць дапамогу краіне, але толькі пасля ацэнкі хады парламенцкіх выбараў, прызначаных на 28 верасня. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў замежных спраў краінаў ЕС, прынятай на пасяджэнні 15 верасня ў Бруселі. У дакуменце вітаецца вызваленне ўсіх палітвязняў як выкананне адной з умоваў, якая дазволіць ЕС пераглядзець санкцыі ў адносінах беларускіх чыноўнікаў і паступова аднавіць адносіны з Беларуссю. У той жа час Савет ЕС "па-ранейшаму заклапочаны асобнымі важнымі аспектамі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі", адзначаецца ў заяве.

Савет ЕС нагадвае, што дэмакратычнае правядзенне парламенцкіх выбараў 28 верасня - чарговая магчымасць для беларускіх уладаў паказаць павагу дэмакратычных каштоўнасцяў. Кіраўнікі МЗС краінаў ЕС спадзяюцца, што гэтыя выбары "будуць плюралістычнымі і прадэманструюць рэальны прагрэс Беларусі на шляху павагі міжнародных еўрапейскіх нормаў".

У дакуменце таксама падкрэсліваецца гатоўнасць ЕС "зрабіць пазітыўныя і канкрэтныя крокі па паступовым аднаўленні дыялогу, уключна з сустрэчай "тройкі" ЕС з кіраўніком МЗС Беларусі".

БелаПАН