Дзяржкантроль праводзіць праверкі па запрашэнні саміх фірм

Нягледзячы на ўказ прэзідэнта аб спыненні праверак, працы ў Дзяржкантролю менш не стала. Указ №689 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню кантрольнай і нагляднай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” Аляксандр Лукашэнка падпісаў 19 снежня мінулага года. Тлумачылася яго прыняцце тым, што цяпер вядзецца маштабная праца па лібералізацыі ўсіх сфераў гаспадарчай дзейнасці. Нешта правяраць можна стала толькі з асабістага дазволу прэзідэнта альбо па даручэнні Прэзідыума Савета Міністраў. Але як даведалася Еўрарадыё, прэзідэнцкі ўказ не пакінуў без працы супрацоўнікаў Дзяржкантролю. Як расказала супрацоўніца КДК па Гомельскай вобласці Святлана Шчарбенка, спыненыя толькі планавыя праверкі.

Святлана Шчарбенка: “Супрацоўнікі камітэта без працы не сядзяць – працы хапае. Сказана ж было, толькі па плане спыніць праверкі. Але ж акрамя прэзідэнта і Савета Міністраў, праверкі дазваляецца праводзіць пры наяўнасці праўдзівых фактаў. Альбо калі нейкая арганізацыя альбо прадпрыемства просяць яе правесці. Нейкае канкрэтнае пытанне высветліць альбо метадалагічную дапамогу ім аказаць. Гэта таксама дазволена. А праўдзівых фактаў для далейшай праверкі і праваахоўныя органы шмат прысылаюць, і… іншыя арганізацыі”.

Як адзначае Святлана Шчарбенка, шматлікія факты, якія неабходна праверыць, тычацца дзейнасці банкаў і будаўнічай сферы.

Святлана Шчарбенка: “Вельмі шмат розных завышэнняў у банкаў. Па коштах будаўніча-мантажных работ вядуцца праверкі”.

Такім чынам, кажа яна, працы ў іх зараз не стала менш у параўнанні з перыядам да падпісання адпаведнага указа па часовым спыненні праверак прэзідэнтам. Не стаў менш загружаным і Камітэта Дзяржкантролю па Віцебскай вобласці. Яго супрацоўнік Віктар Лапусеў распавёў, што ім ёсць куды прымяніць свае веды і ўменні апроч праверак.

Віктар Лапусеў: “Ёсць закон прэзідэнта, ёсць закон аб Камітэце, і працуецца ў межах закона. Што даручаецца ў адпаведнасці з указам прэзідэнта, тое і выконваецца – працы асабліва менш і не стала. І праца гэтая не абавязкова звязаная з праверачнай дзейнасцю. Ёсць іншыя галіны для прымянення нашых ведаў і ўменняў”.

Праўда, што гэта за іншыя галіны, Віктар Лапусеў сказаць не захацеў. Таксама засталося таямніцай, якія суб’екты гаспадарання апошнім часам часцей за ўсё трапляюць у поле зроку Камітэта Дзяржкантролю.

Віктар Лапусеў: “Мы не можам у дадзены момант гэтую тэму асвятліць. З розных прычынаў. Але найперш з-за таго, што нельга пра нешта казаць, калі гэта знаходзіцца ў рамках праверкі”.

Прэзідыум Саўміна з 19 снежня даў Камітэту Дзяржкантролю толькі адно даручэнне. І тычылася яно завышэння коштаў на прадукты, паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратара прэм’ер-міністра Аляксандр Цімашэнка.

Аляксандр Цімашэнка: “Я ведаю толькі пра адно рашэнне Прэзідыума Саўміна, якое тычылася артыкула 2 указа прэзідэнта, што дае права Прэзідыуму прымаць рашэнне аб праверках – аб праверцы абгрунтаванасці цэнаўтварэння. Гэта рашэнне было прынята пасля таго, як міністэрства эканомікі знайшло на пачатку года шматлікія факты неабгрунтаванага павышэння коштаў. І не толькі на рынках. І ў крамах павышалі. Кошты павышалі і пастаўшчыкі, а часам і самі прадаўцы”.