Да 1 ліпеня беларусы змогуць легалізаваць грамадзянскую зброю

Да 1 ліпеня ў Беларусі можна легалізаваць няўлічаную грамадзянскую зброю і боепрыпасы. Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, гэта тычыцца паляўнічай і спартовай зброі, газавых пісталетаў і рэвальвераў, сігнальнай зброі калібра больш за 6 мм пры ўмове, што яны дазволеныя да выкарыстання на тэрыторыі нашай краіны.

Тыя, хто добраахвотна прад'явіць і зарэгіструе зброю ў органах унутраных спраў, ад адказнасці вызваляюцца.

Разам з тым паляўнічая агнястрэльная зброя з наразным ствалом і паляўнічая агнястрэльная камбінаваная зброя можа быць зарэгістравана толькі ў тым выпадку, калі яна на працягу 12 месяцаў да ўступлення ў сілу адпаведнага ўказу прэзідэнта, падпісанага сёлета 27 сакавіка, добраахвотна была здадзена ў міліцыю.

Па звестках МУС, за час дзеяння ўказу ў тэрытарыяльныя органы паступілі заявы аб рэгістрацыі больш за 100 адзінак зброі, і ўжо каля 300 добраахвотна здадзена.

У большасці выпадкаў здаюцца газавыя пісталеты і паляўнічыя вінтоўкі, пакінутыя па спадчыне ад блізкіх сваякоў.

У прымусовым парадку сёлета канфіскавана больш за 120 адзінак зброі.

БелТА