Ці запросяць кіраўніка Беларусі на святкаванне юбілею Грунвальдскай бітвы?

У суседняй Польшчы на самым высокім узроўні палаюць спрэчкі: ці запрашаць на святкаванне 600-годдзя перамогі пад Грунвальдам Аляксандра Лукашэнку. У Беларусі на гэты конт адзінага меркавання таксама няма Як паведамляе варшаўская газета “Metro”, прапанова запрасіць на свята і кіраўніка Беларусі ўзнікла ў канцылярыі прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. На святкаванне 600-годдзя перамогі аб’яднанага войска Вялікага княства Літоўскага і Кароны Польскай над рыцарамі Тэўтонскага ордэну там было вырашана запрасіць кіраўнікоў усіх народаў, продкі якіх бралі ўдзел у бітве з тэўтонцамі. Да прыкладу, прэзідэнтка Літвы Даля Грыбаўскайтэ ўжо атрымала гэткае запрашэнне.

Мяркуецца, што да свята далучацца і прэзідэнты Ўкраіны, Чэхіі, Славаччыны і Латвіі. І толькі асоба кіраўніка Беларусі выклікала спрэчкі. З аднаго боку — імкненне прадэманстраваць культурнае і гістарычнае адзінства ўсіх народаў, якія бараніліся пад Грунвальдам. З іншага — трывалы на Захадзе вобраз Лукашэнкі, як “недэмакратычнага і вельмі жорсткага кіраўніка краіны”.

Адна з прэтэнзій Польшчы да Беларусі тычыцца палітычнага ўціску на нашых суайчыннікаў польскага паходжання. Актывіст Саюзу палякаў у Беларусі Андрэй Пачобут перакананы, што палітыка ізаляцыі не будзе мець вялікага плёну. Аднак і толькі саступаць увесь час афіцыйнаму Мінску без адпаведных крокаў насустрач — таксама не выйсце.

Андрэй Пачобут: “Адную ж і тую самую праблему можна вырашаць рознымі шляхамі і з дапамогай розных інструментаў. Калі будуць нейкія зрухі, то чаму б Лукашэнку ні запрашаць куды-заўгодна, у тым ліку на Грунвальд, у Варшаву і гэтак далей. Калі будуць запрашэнні, а зрухаў няма, то, безумоўна, гэта будзе шкодна і немаральна”.

Што ж рабіць, калі аніякіх зрухаў не адбудзецца? Андрэй Пачобут паціскае плячыма. На думку актывіста СПБ, сёння ў Беларусі няма асобы, якая магла бы годна прадставіць усіх беларусаў: як прыхільнікаў сённяшняга рэжыму, гэтак і яго апанентаў.

Андрэй Пачобут: “Заўжды дзяржаву прадстаўляе ўлада. Але Беларусь не ёсць звыклая дзяржава ў гэтым сэнсе. Таму што, відаць, з 1996 года выбары не былі прызнаныя Захадам. Не былі яны прызнаныя і часткай грамадства. Пры гэтым нават тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, лічаць, што выбары фальшуюцца ў Беларусі. Ці можа Аляксандр Лукашэнка прадстаўляць Беларусь? На маю думку, ён не можа. Беларусь сёння расколатая, скажам, на такія два лагеры: тыя, хто падтрымлівае ўладу, і тыя, хто падтрымлівае апазіцыю… Калісьці быў Васіль Быкаў — вось яго шанавалі практычна ўсе. Але сёння Быкава няма — няма і асобы, якая б аб’ядноўвала”.

А вось кіраўнік сталічнага ваенна-гістарычнага клубу “Княжы Гуф” Фёдар Міхееў, які пастаянна ўдзельнічае ў рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы, лічыць, што рознагалоссяў тут быць не павінна. Як і 600 гадоў таму на полі павінны сабрацца прадстаўнікі ўсіх народаў-пераможцаў.

Фёдар Міхееў: “Калі збіраюцца прэзідэнты ўсіх краін, якія бралі ўдзел у тагачасных падзеях, я мяркую, што таксама павінен і наш прэзідэнт быць”.

Зрэшты, незалежна ад таго, ці атрымае Аляксандр Лукашэнка запрашэнне на ўрачыстасці, беларускія рыцары адзначаць юбілей на полі пад Грунвальдам.

Фёдар Міхееў: “Плануецца зрабіць на Беласточчыне канцэнтрацыю войскаў ВКЛ перад Грунвальдам. І гэта павінна адбыцца 11-12 ліпеня. А потым мы ўжо рушым на Грунвальд і там паўстаем сваім абозам. Я бы хацеў зрабіць такую невялічкую імпрэзу — і ў Мінску зрабіць, і ў Гародні. Але зрабіць гэта не асобным фэстам, а зрабіць як па шляху, каб выйсці і зрабіць нейкае рушанне”.

Гэткім чынам, Грунвальдская бітва нібы зноўку атрымлівае сваё другое жыццё. Як і 600 гадоў таму сёлета на полі ў Польшчы стане зразумела, хто каго адужаў.