Беларускія абітурыенты баяцца новаўведзеных сумоўяў?

З 5 сакавіка ў беларускіх ВНУ пачалася рэгістрацыя на абавязковыя прафесійна-псіхалагічныя сумоўі. Аднак сапраўднага ажыятажу вакол самых папулярных і прэстыжных спецыяльнасцяў пакуль не назіраецца. Як паведамілі Еўрарадыё ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, сёння там зарэгістравалася толькі каля 30 чалавек:

“27 чалавек да нас сёння прыйшло і зарэгістравалася. Але гэта не ўлічваючы тыя лісты, якія прыйдуць на пошту. У нас група спецыяльнасцяў ідзе: дзяржаўнае кіраванне, дзяржаўнае кіраванне і права, дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, куды можна паступіць на журналістыку, справы яшчэ больш дрэнныя… Паспаборнічаць у гонцы за права стаць студэнтам пажадала пакуль толькі 7 абітурыентаў...

“Пакуль толькі 7 чалавек да нас прыйшло. Яшчэ ў бліжэйшы час збіраюцца чалавек 8 прыйсці, якія навучаюцца ў нас на падрыхтоўчым аддзяленні”.

Аднак не паўсюль такія тэмпы. У БДУ, дзе больш за ўсё так званых элітных спецыяльнасцяў, ужо зарэгістравалася каля 500 чалавек.

“Практычна паўтысячы было напрыканцы ўчорашняга дня. Зараз па нарастаючай ідзе. Я думаю, што зараз будзе рэгістравацца каля 150 чалавек у дзень ці нават больш. Рэгіструюцца па чатырох блоках: міжнародныя адносіны і міжнароднае права – першы блок, правазнаўства і эканамічнае права – другі блок, журналістыка і міжнародная журналістыка – трэці. І чацвёрты блок – гэта мытная справа.

Кожны другі ідзе на правазнаўства. Журналістыка і міжнародныя адносіны наступныя ідуць з адставаннем недзе ў два с паловай разы”.

Дарэчы, нават на даволі спецыфічную спецыяльнасць “мытная справа” ў БДУ зарэгістравалася больш абітурыентаў, чым у педагагічным і эканамічным універсітэтах разам узятых. Стаць мытнікамі сёння пажадала крыху больш за 40 чалавек.

Аднак нагадаю, што час яшчэ ёсць. Зарэгістравацца на сумоўі абітурыенты яшчэ могуць ажно да канца сакавіка.