Забойцаў з Жыткавіччыны адпусцілі пад хатні арышт пасля ўмяшання Лукашэнкі

6 лютага пракуратура Гомельскай вобласці змяніла меру стрымання тром жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна. Іх вінавацяць у забойстве аднавяскоўца-падпальшчыка. Мужчыны адпушчаныя з СІЗА і ў суправаджэнні міліцыі дастаўленыя ў родную вёску. Да суда яны будуць знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Забойства адбылося 31 снежня 2008 года. На 43-гадовага забітага мужчыну раней была распачатая крымінальная справа: яго падазравалі ў трох падпалах у роднай вёсцы ў лістападзе—снежні 2008 года. Мужчына шэсць разоў быў судзімы. Сын (1972 гады нараджэння) адной з жанчын, маёмасць якой пацярпела пры пажары, і двое яго знаёмых 1974 і 1980 гадоў нараджэння вырашылі адпомсціць падпальшчыку — забілі яго, а труп спрабавалі спаліць. Цела было знойдзенае 6 студзеня. Праз чатыры дні падазроных затрымалі. На іх пачалі справу па ч. 1 арт. 139 Крымінальнага кодэкса (забойства).

6 лютага на нарадзе па пытаннях удасканалення крымінальнага заканадаўства Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумова з просьбай адвезці падазроных на радзіму і пакінуць іх пад хатнім арыштам да канца следства. У ізалятары яны прабылі 27 дзён.

Адзін з абвінавачаных, Андрэй Петручэня, паведаміў БелаПАН, што ў вёсцы яго вызваленне ўспрынялі дадатна, суседзі і блізкія людзі сустрэлі іх добра. Па ягоных словах, забіты пагражаў яго маці, паліў стагі сена. Петручэня адзначыў, што яны не збіраліся забіваць, проста хацелі правучыць падпальшчыка.