Вайсковы эксперт: Лукашэнка баіцца страціць падтрымку вайскоўцаў

Следам за межамі мытнага кантролю сціраецца мяжа паміж арміямі Беларусі і Расіі. Ці можа гэта значыць, што заўтра нашыя жаўнеры паедуць служыць на Камчатку ці ахоўваць расійскае насельніцтва ў зонах тэрарыстычнай пагрозы на Каўказе?

Аляксандр Лукашэнка заявіў пра агульныя задачы беларускай і расійскай арміяў:

“У нас у прынцыпе агульная армія, таму што задачы ў нас агульныя стаяць, а памер грашовага забеспячэння ў вайскоўцаў Расіі і Беларусі можа адрознівацца ў 2 разы. Гэта непрымальна.”


На думку Лукашэнкі сам гэты факт з’яўляецца падставаю атрымліваць расійскую дапамогу для беларускага войска. Але хто плоціць, той і вядзе рэй пры бяседзе. Вайсковы эксперт Аляксандар Алесін паспрабаваў растлумачыць логіку дзеянняў беларускіх уладаў і перспектывы беларускіх вайскоўцаў:

"Калі беларускім вайскоўцам не плаціць, то яны пабягуць з Беларусі ў Расію, дзе службовыя аклады удвая большыя і не хапае вайскоўцаў. На кантрактных пасадах служыць могуць у іх і не грамадзяне Расіі. Цяпер у іх з’явіцца магчымасць у саюзнай дзяржаве выслужыць сабе расійскае грамадзянства. А калі яны будуць служыць у расійскай арміі, то будуць удзельнічаць і ва ўсіх іхніх канфліктах".


З выказвання кіраўніка Беларусі нельга зразумець адназначна, якім чынам павінна адбывацца такая дапамога. Аляксандар Алесін паведамляе, што дапамога гэтая не будзе азначаць, што Расія пачне плаціць грошы беларускім вайскоўцам:

"Паводле беларускага заканадаўства, Расія не можа плаціць грошай беларускім вайскоўцам. Гаворка пра тое, каб ашчадзіць грошы на іншых артыкулах вайсковага бюджэту. А вайсковы бюджэт – гэта не толькі зарплата вайскоўцаў".


Аляксандара Алесін назваў, таксама, колькі прычын заклапочанасці Лукашэнкі пытаннем матэрыяльнага стану беларускай арміі. Сярод іх – боязь страціць вайсковыя кадры:

"Боязь таго, што нізкія зарплаты змусяць нашых вайскоўцаў звандраваць у Расію – Лукашэнка імкнецца пазбегнуць гэтай небяспекі, бо падрыхтоўка афіцэраў каштуе шмат, а “перацёк кадраў” даволі вялік"і.  


Што ж да падтрымкі вайскоўцаў для Лукашэнкі – Аляксандар Алесін лічыць, што прэзідэнт можа баяцца яе страціць.

"Не шукае падтрымкі, а баіцца страціць падтрымку. Рэальныя пакупніцкія здольнасці нашых вайскоўцаў упалі ўдвая, таму ўзнікненне незадаволенасці магчымае".


Гэтак, няма чаго дзівіцца, што матэрыяльнае становішча вайскоўцаў стала цікавыым для Аляксандра Лукашэнкі.