Уладзімір Парфяновіч: Пра “расійскіх халопаў” я казаў, бо быў "зялёным"

Днямі зноў нагадала пра сябе група “Мінскага маніфесту беларуска-расійскага яднання”. Леанід Сініцын у інтэрв’ю “Эхо Москвы” заявіў, што па-ранейшаму хоча зацягнуць Беларусь у Расію. Яго паплечнік Уладзімір Парфяновіч у інтэрв’ю “Еўрарадыё” патлумачыў метамарфозы ў сваіх выказваннях розных гадоў.
Нагадаем, маніфест быў абнародаваны ў пачатку траўня сёлета. Сініцын і Парфяновіч заклікалі да ўваходжання Беларусі ў склад Расіі, тым самым выступілі за прынясенне ў ахвяру дзяржаўнага суверэнітэта нашай краіны.

Іх колішні паплечнік Сяргей Скрабец у той час на аналітычным сайце “Наше мнение” выказаўся, што нават маскоўскія кіраўнікі не дазваляюць сабе рабіць такія заявы. Ён назваў акцыю Сініцына і Парфяновіча “палітыка-культурнай правакацыяй”.

Аднак зараз у айчынных і замежных СМІ зноў распачалася прапагандысцкая кампанія “маніфестантаў”.

“Еўрарадыё” пацікавілася ва Уладзіміра Парфяновіча, з чым гэта звязана.

“Мы прапануем, тое, што патрэбна людзям і той уладзе, якая ёсць у нашай краіне, - кажа Парфяновіч. - Усе ініцыятывы зайшлі ў тупік, а мы прапануем выхад з тупіка адносін Беларусі і Расіі”.

Ён сцвярджае, што “ідэю яднання брацкіх народаў падтрымлівае вельмі шмат людзей”, але акрамя Сініцына нікога не называе.

Яшчэ некалькі гадоў таму Парфяновіч лічыўся дэмакратычным палітыкам, ён уваходзіў, разам са Скрабцом і генералам Фраловым, у дэпутацкую групу “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў.

А яшчэ раней, у кастрычніку 1995-га, Парфяновіч (у мінулым славуты беларускі спартсмен, трохразовы алімпійскі чэмпіён па веславанню) у інтэрв’ю газеце “Прессбол” заявіў наступнае:

“…Я праціўнік палітычнага аб’яднання з Расіяй. У нас свая дзяржава, свая мова, свае людзі. Інакш мы заўсёды будзем расійскімі халопамі. І большасць разумных людзей падзяляе мой пункт погляду. Расія піла, п’е і піць будзе”. (Прессбол, 1995, 17 кастрычніка, № 41).

Дык што сталася з Уладзімірам Парфяновічам? Чаму ён так кардынальна змяніў свае погляды? З такім пытаннем “Еўрарадыё” звярнулася да сённяшняга апантанага прыхільніка ўваходжання нашай краіны ў Расію. І вось што ён кажа:

“Тады я не зусім разумеў, што адбываецца ў адносінах Расіі і Беларусі. Тады я быў вельмі маладым і вельмі "зялёным"… Тады я бачыў толькі адзін бок медаля”.

На здымку (справа налева): Леанід Сініцын, Уладзімір Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Барыс Нямцоў. Мінск, 2003 г. Фота - Photo.ByMedia.net