У Мінску адбудзецца аўтограф-сесія гурта "Бумбокс"

11 верасня сталіцу Беларусі з сольным канцэртам наведае папулярны ўкраінскі гурт "Бумбокс". Канцэрт адбудзецца ў WestWorldClub. За тры гадзіны да мерапрыемства музыкі Андрэй Хлыўнюк (вакал, тэксты), Андрэй Самойла (гітара) і Валік Маціюк (ударныя, бас, міксы) паразмаўляюць з прыхільнікамі з Беларусі. Аўтограф-сесія адбудзецца ў краме "Містэрыя Гуку" (Сурганава, 50, ТЦ "Рыга"). Пачатак у 16.00.

Зараз "Бумбокс" гастралюе і рыхтуе да выпуску новы альбом. Вакаліст гурта Андрэй Хлыўнюк расказаў, што "новы альбом ужо запісаны і гатовы да выдання".

Ён дадаў, што "з-за ашалелай папулярнасці кліпа на песню "Вахцёрам" не толькі ва Ўкраіне, але і ў іншых краінах блізкага замежжа, да гурта сталі выказваць неверагодную цікавасць. І матэрыял, якому ўжо некалькі гадоў, раптам ахапіў шырокія масы і пакарыў сэрцы людзей. Гэта вельмі прыемна, бо ужо перасталі верыць у сваю актуальнасць, неабходнасць, папулярнасць і прафесіяналізм".

Паводле словаў Хлыўнюка, у Беларусі новы дыск калектыву з'явіцца ў сярэдзіне восені.