У лякарнях і паліклініках хворыя "задыхаюцца" ад 30-градуснай спёкі (фота)
Пацыенты скардзяцца на спякоту, ратуюцца душам і больш часу праводзяць на вуліцы, а павесіць кандыцыянеры не дазваляе дырэктыва прэзідэнта.
У паліклінікі і бальніцы трапляюць хворыя людзі. Аднак, нават будучы здаровым чалавекам, пасля гадзіны, праведзенай у чарзе ў такую спякоту, карэспандэнт Еўрарадыё адчуў сябе кепска.
Калі на вуліцы тэмпература каля 30 градусаў, то ў паліклініках і лякарнях недзе каля 29.
"Вось калі больш за 30 — тады душна становіцца. А так душ прымаем часцей, а я большасць часу на вуліцы сяджу", — паскардзіўся пацыент кардыялагічнага аддзялення 3-й мінскай лякарні.
У бальніцах пацыенты ратуюцца, хто як можа. Камусьці дапамагаюць жалюзі ці душ, але амаль усе большасць часу імкнуцца праводзіць на вуліцы.
"Фортку адчыняем — і ўсё. Ну, а калі вельмі горача ідзем сюды ў цянёк".
У паліклініцы ж ратуюць толькі адчыненыя вокны. У такую спёку людзі вымушаныя сядзець гадзінамі ў чарзе да ўрача. Тэрапеўт 5-й гарадской паліклінікі кажа, што ў калідорах горача заўсёды, не толькі ў спякотнае надвор'е, бо пацыентаў шмат. Талон да лекара бяруць за некалькі дзён.
"Вядома, горача. Нам заўсёды горача бывае, нават у халодныя дні. Урачоў не хапае, з сёстрамі таксама кепска. Але мы неяк працуем".
У аддзяленні тэрапіі 6-й гарадской паліклінікі душна: акно, відаць, зачыніла скразняком. Але нават з адчыненым акном ў калідоры градуснік паказвае амаль +30 °С.
"Горача. Але вось акно адчынілі — дык нармальна. Але калі б не адчынілі, было б горача. Кандыцыянераў жа няма. Калі б паставілі кандыцыянеры, то ўсё б было нармальна", — кажа 70-гадовы пенсіянер, які ўжо дзве гадзіны правёў у паліклініцы.
Без кандыцыянераў пакутуюць нават дактары — што ж казаць пра хворых людзей, якія сядзяць у калідоры, дзе толькі адно акно ў самым канцы?
Паставіць кандыцыянеры сапраўды было б добрым выйсцем з сітуацыі. Але з-за эканоміі ў паліклініках не могуць нават вентыляцыю падвесці ва ўсе кабінеты.
"А куды ж мы падзенемся? Сама сяджу на скразняку, кандыцыянераў няма, натуральна. А вентыляцыю мы ўключыць не можам на простыя кабінеты. Ну, рэнтген-кабінет — іншая рэч. Ёсць жа дырэктыва №3 — эканомія і беражлівасць. Вось так і атрымліваецца, што кандыцыянер можна паставіць, але ён зжарэ наш гадавы баланс. Фірма якая-небудзь з грашыма можа сабе дазволіць, але не паліклініка. Хто тут возьмецца?", — наракае намеснік галоўнага ўрача адной з мінскіх паліклінік.
Дарэчы, санстанцыя рэкамендуе пры 30 градусах скарачаць працоўны дзень да 5 гадзін у суткі для людзей з неактыўнай працай. А для тых, хто працуе фізічна, працоўны дзень не можа быць больш за 2 ці 3 гадзіны ў залежнасці ад нагрузкі.
Але ж калі працоўны дзень на заводзе можна скараціць, то лячыць людзей трэба пастаянна, таму бальніцы і паліклінікі працуюць пры любым надвор'і.