У Бешанковіцкім раёне зноў разлілося дызельнае паліва

Аварыі на прадуктапровадзе Унеча-Вентспілс становяцца для жыхароў Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці, супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ўсіх, хто тым ці іншым чынам далучаецца да ліквідацыі іх наступстваў, звыклай справай. Раз ад разу службы працуюць ўсё спрытней, зладжаней.
Штаб па ліквідацыі мінулай аварыі як і не разыходзіўся. Усе ізноў на месцы — і чыноўнікі, і адмыслоўцы. Дый мясцовыя жыхары “трубу” пільнуюць. Калі з раніцы датчыкі зафіксавалі падзенне ціску ў прадуктапровадзе і аварыйная брыгада паехала шукаць месца аварыі, дзірку хутчэй за іх знайшоў мясцовы пенсіянер Мікалай Тылькіч.

Дзед заўважыў, што вада ў меліярацыйным канале патыхае палівам, пайшоў у сельсавет, а там ўжо старшыня патэлефанаваў выратавальнікам.



Трубапровад прарвала а сёмай раніцы. Пакуль кавалак трубы з дзіркай яшчэ не выцягнулі з зямлі. З якой прычыны яе прарвала, невядома. Па папярэдніх высновах, здарылася тое ж, што і 23 сакавіка — “стаміўся” метал. А прасцей, труба лопнула таму, што састарэла. Не дзіўна: гэты участак трубаправода пракладзены больш як 30 год таму.

Паводле кіраўніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіля Чэкана, на гэты раз паліва ў рэкі не трапіць. А магло б, бо меліярацыйная канава ідзе проста да рэчкі Свячанкі, тая — прыток Улы. А куды трапляе паліва па Уле, вывучылі ўжо і беларусы, і латышы…



Канаву з палівам на працягу трох кіламетраў хуценька перакрылі дзевяццю землянымі валамі, а перад Свячанкай, на ўсялякі выпадак, усталявалі і бонавую загароду. 5 траўня ў другой палове дня на месца аварыі павезлі абсарбенты. Мясцовыя жыхары ўсю раніцу цягалі паліва вёдрамі ды каністрамі: кажуць, у канаве было на паўметра вады, а зверху на метр — паліва. Многія запасліся дармавым палівам, але ніхто на “марадзёраў” не сварыўся.

У Свячанцы бяруць пробы вады. Пакуль паліва ў ёй не знайшлі. Аднак прыродаахоўныя органы занепакоены. Паводле начальніка Бешанковіцкай раённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету Дзмітрыя Талстога, яшчэ не ліквідаваны наступствы папярэдняй аварыі.



Забруджаную зямлю не прымаюць нават спецыялізаваныя палігоны: яна мае трэці клас небяспечнасці, і яе трэба на месцы апрацоўваць адмысловымі рэчывамі, каб давесці да стану хаця б чацвёртага класу.

Чарговая аварыя на нафтаправодзе вымушае задумацца аб мэтазгоднасці эксплуатацыі трубапровада Унеча-Вентспілс. Такую думку выказаў у інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў.




Фота — www.camarade.biz