Што СМІ пісалі пра самагубства Яны Паляковай?

“Беларускі саюз журналістаў” заклікае апазіцыйную прэсу не таньчыць на касцях, але не заўважае, як “Советская Белоруссия” скача па жывых людзях. 7 сакавіка скончыла жыццё самагубствам салігорская праваабаронца Яна Палякова. Трагедыя скалыхнула недзяржаўныя беларускія СМІ. Тое, што адбылося з Янай Паляковай, заўважылі і ў Расіі: артыкулы пра прычыны яе заўчаснай смерці з’явіліся на рэсурсах Lenta.ru, NEWS.ru ды іншых.

І толькі дзяржаўныя медыі, якія напачатку сакавіка яшчэ ўдзельнічалі ў “цкаванні” Яны Паляковай, адрэагавалі на яе смерць зразумелым маўчаннем. Ні ў “Рэспубліцы”, ні ў “Звяздзе” – ніводнага радку.

Найперш, СМІ шукалі прычыны, што прывялі да самагубства. Вось што піша газета “Народная воля”:

“Яна не пакінула перадсмяротных цыдулак, але яе маці і сябры ўпэўненыя: яе давялі да самагубства. 33-гадовая жанчына не здолела вытрымаць прэсінгу, які ўчынілі мясцовыя праваахоўнікі”.

У верасні 2008 года Яна Палякова абвінаваціла капітана салігорскай міліцыі Віктара Пугачова ў збіцці. Але 3 сакавіка суд прызнаў праваабаронцу вінаватай у загадзя ілжывым даносе і прысудзіў да 2,5 гадоў абмежавання волі. Інтэрнэт-выданне “Хартыя’97” прыгадвае рэакцыю Яны Паляковай на прысуд:

“Я не буду зэчкай”, - адразу пасля суда сказала Яна. Сябры і знаёмыя не зразумелі, што яна мела на ўвазе”.

Расійскі рэсурс “NEWS.ru” звяртае ўвагу чытачоў на сувязь самазабойства Яны Паляковай з артыкулам у газеце “Советская Беларуссия”, што выйшаў напярэдадні:

“Яна Палякова… здзейсніла самагубства пасля публікацыі артыкула "Много у нас диковин, каждый чудак - Бетховен!" у газеце адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі… У гэтым артыкуле ў іранічна-кплівым стылі сцвярджалася, што Палякова выдумала гісторыю пра тое, што яе па-зверску збілі ў аддзяленні міліцыі, праз імкненне праславіцца і "стаць ахвярай самаўпраўства”.

8 сакавіка, артыкул быў тэрмінова зняты з сайту “Советской Белоруссии”, але захаваўся ў шматлікіх інтэрнэт-архівах. Працытуем яго:

“Так бы паралельна і існавалі Пугачоў з Паляковай, калі б не задумалася аднойчы салігорская праваабаронца пра каэфіцыент свайго карыснага дзеяння. Ляжыць неяк яна на канапе, п'е каву эспрэса і разважае:

– Як бы гэта звярнуць на сябе ўвагу мясцовай і сусветнай грамадскасці? Што бы такое замуціць неардынарнае?

Думала-думала і прыдумала. Разумная жанчына, усебакова развітая, ды і некалі на юрыста вучылася.

І праз некаторы час уся наша прасунутая грамадскасць была ўзрушаная сенсацыяй з Салігорска. Добрая вестка заключалася ў тым, што мясцовую праваабаронцу Палякову непасрэдна ў будынку мясцовага райаддзела міліцыі па-зверску і вытанчана збілі”.

Інтэрнэт-рэсурс “Белорусский партизан” сцвярджае, што за псеўданімам “Ксенофонт Суперфосфатов”, якім быў падпісаны гэты агідны фельетон, хаваецца галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павел Якубовіч:

“Гэта пацвердзілі тры супрацоўнікі галоўнай прэзідэнцкай газеты. Напярэдадні публікацыі Якубовіч надыктоўваў тэкст у сябе ў кабінеце. Як сапраўдны “творца”, сам ён свае тэксты не піша, а дыктуе.

Зрэшты, здагадацца пра гэта не складана. Па-першае, спецыфічны здзеклівы стыль выдае аўтара. А па-другое, толькі Якубовіч у сваёй рэдакцыі мае права падпісвацца псеўданімамі накшталт “Катя Пряник” або “Ксенофонт Суперфосфатов”.

Паводле іншага артыкула на “Хартыі’97”, “і суддзя Аляксандр Бураўцоў, які вынес прысуд Яне Паляковай, і міліцыянт Віктар Пугачоў, і рэдакцыя “Советской Белоруссии” каментаваць самазабойства праваабаронцы адмаўляюцца”.

Затое з афіцыйным каментаром 12 сакавіка выступіла “БелТА”. Дзяржаўнае інфармагенцтва распаўсюджвае заяву праўладнага “Беларускага саюза журналістаў”, у якой розгалас вакол трагічнай смерці “жыхаркі Салігорска Яны Паляковай” (заўважце: не праваабаронцы, а жыхаркі!), называецца “спекуляцыяй... для самарэкламы і ў палітычных мэтах”:

“Тое, што зараз шумна, тэндэнцыйна і бяздоказна робяць кіраўнікі БАЖ і іншых апазіцыйных структур вакол бяды, якая здарылася з Янай Паляковай, нагадвае шалёныя танцы на касцях і таму з'яўляецца амаральным.

Мы мяркуем, што поўную і аб'ектыўную карціну таго, што здарылася, можа даць толькі афіцыйнае расследаванне. Эмоцыі і адкрытае палітыканства тут не да месца”.

“Беларускаму саюзу журналістаў” адказаў у сваім блогу юрыст незалежнай “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец:

“Што ж вы, “саюзнічкі”, замоўчваеце, што “трагічная смерць” была самагубствам? І што гэтае самагубства адбылося пасля дзіўнага і вельмі жорсткага прысуду? І пасля артыкула ў “Советской Белоруссии”, аўтар якой, які схаваўся пад псеўданімам, досыць паздзекаваўся над “леваабаронцай”:

“абараняй сабе чужыя правы ды зарабляй гэтай няпыльнай работкай на хлеб надзённы! Ад такой дзівоснай прафесіі адны дывідэнды: і заўсёды навідавоку, і ў замежжа клічуць…”

Той жа ноччу Палякова павесілася”.

Паводле шматлікіх беларускіх СМІ, у Беларусі з’явіліся новыя спосабы знішчэння людзей. Іх не выкрадаюць і не кідаюць за краты. Ім выпісваюць шматмільённыя штрафы, іх забіраюць у войска. Або ціснуць на іх так, што вытрымаць немагчыма.