На якіх факультэтах студэнты не перажылі зімовую сесію?

130129_martin_sessija.mp3

Падбіваем вынікі зімовай сесіі: на матэматычным факультэце ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна на адлічэнне — дзесяць чалавек.

“На сёння каля дзесяці чалавек такіх. У асноўным гэта першы і другі курс. З іх толькі пару бюджэтнікаў”, — расказваюць Еўрарадыё на матэматычным факультэце Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна пра тых, каму не пашанцавала ў сёлетнюю сесію.

І дадаюць, што тыя паступалі з маленькімі баламі — ніжэй за 100 па трох іспытах і атэстаце. На фізфаку гэтай ВНУ сесія не скончылася. Але тут ужо гавораць пра паўсотні пераздач.

На гэты факультэт, нагадаем, сёлета паступалі, маючы 87 балаў з трох тэстаў і атэстата — не дзіва, што ёсць пераздачы.

На механіка-матэматычным факультэце БДУ першакурснікаў падцягваюць. Тут гавораць пра пяцёрых адлічаных. І тыя… па ўласным жаданні.

“У нас пазіцыя такая: да першакурснікаў ставімся лагодна. Але ўжо пяць чалавек забралі дакументы па ўласным жаданні. Проста людзі памыліліся, а астатніх, нават з трыма двойкамі, мы пакідаем, каб яны перазімавалі, дацягнулі да лета”, — тлумачаць у дэканаце.

І гавораць, што балы ў адлічаных былі невысокія: 200 па ўсіх тэстах і атэстаце і 50 па профільнай матэматыцы. Не так і мала, у параўнанні з той жа спецыялізацыяй у педагагічных ВНУ.

На факультэце энергетычнага будаўніцтва БНТУ двоечнікам даюць шанцы, упэўніваюць у дэканаце. Але ўжо дзве студэнткі-платніцы з першага курса забралі дакументы.

“Дзве платніцы сышлі, бо па тры двойкі атрымалі. Але першакурснікам даём шанец. Мала хто адлічваецца”, — гавораць у дэканаце.

А вось з перспектыўнай спецыяльнасці “будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый” ніхто пакуль не сыходзіў і нікога не адлічвалі, дадаюць у дэканаце.

Адлічваюцца нават з прэстыжнага факультэту міжнародных адносінаў БДУ, дзе вучоба каштуе да 15 мільёнаў рублёў. У дэканаце кажуць пра аднаго такога чалавека.

“З-за паспяховасці на першым курсе адлічэнняў не будзе. Па асабістым жаданні было адно адлічэнне, нейкія асабістыя матывы”, — без удакладненняў тлумачаць у дэканаце.

На матэматычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка, куды сёлета таксама ішлі з не вельмі высокімі баламі, сесія яшчэ ідзе, і вынікі ў дэканаце пакуль падводзіць не бяруцца.

Фота: profi.holiday.by