Прэзідэнт вызваліў Глеба ад войска

Тым часам Дзмітрый Калдун жадае “прыхварэць” пасля адтэрміноўкі.
Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму беларускія VIPы не служаць у войску. Футбаліста Аляксандра Глеба вызваляюць ад войска прафесійныя дасягненні. Прычым адтэрміноўка падпісваецца на ўзроўні прэзідэнта. Як паведаміў Еўрарадыё Андрэй Шпілеўскі, мэнэджэр футбаліста Аляксандра Глеба, абавязку перад Радзімай ніхто не адмяняў:

“Ёсць у нашай краіне такая рэч, як адтэрміноўка з-за таго, што чалавек выступае за нацыянальную зборную. Другая рэч – гэта тое, што Аляксандр гуляе за ангельскі “Арсенал”, хаця ў якасці абавязку перад радзімай мы ўсе нясем: і я, як мэнэджэр Глеба, і ён сам асабіста”.

Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў саміх вайскоўцаў, ці насамрэч гульцоў нацыянальных зборных “вызваляюць” ад службы. Як паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства абароны, адтэрміноўку на год для спартоўцаў надае сам прэзідэнт, па спісах, падрыхтаваных Міністэрствам спорту:

“Такія людзі маюць адтэрміноўку, якая надаецца ім згодна з ўказам прэзідэнта. Гэта значыць, што Міністэрства спорту і турызму падае спіс спартоўцаў, якім неабходная адтэрміноўка. Потым выходзіць указ прэзідэнта з адтэрміноўкай на год”.

Дзмітрый Калдун, якому падчас удзелу ў Еўрабачанні далі адтэрміноўку да лістапада, у войска наогул ісці не жадае. Але ж песні на вайсковую тэматыку беларускі спявак выконваць згодны:

“У мяне адтэрміноўка да лістапада, а потым я планую крышку захварэць... А на такую прапанову, безумоўна, згаджуся. Мне заўсёды падабаліся ваенныя песні. Хай мне лепш напішуць, а я буду спяваць”.

Цікава, што некаторыя музычныя гурты дык увогуле выбіраюць альтэрнатыўную службу. Прычым называецца гэта “служыць песнямі”. Гурт “Тяни-Толкай”, напрыклад, так і робіць. Як расказаў Еўрарадыё вакаліст гурта Павал Клішэўскі, у войску ніхто з музыкаў не служыў. А на гітарыста гурта Андрэя Зайца беларускае войска дык увогуле і “забылася” ў свой час:

“У нашым гурце ніхто не служыў. Нашыя ваенныя песні зроблены не па замове. Проста адная з тэм нашай творчасці – ваенная. А міністр абароны нам увогуле аднойчы сказаў, што “вы самі не служылі, але ж зараз песняй служыце”. А цікавы выпадак быў у нас з гітрарыстам Андрэем Зайцам. Ён хварэў, калі ў школе хадзілі на рэгістрацыю ў ваенкамат. Дык там увогуле не ведалі, што такі ёсць. У 28 год ён прыйшоў за ваеннікам. А дзе ты быў, спыталі. Дома. А чаму не прыходзіў? Дык не выклікалі. Справу перадалі ў суд, але ж прайгралі – і ваеннік выдалі”.

Беларускі спявак Пётр Ялфімаў таксама не служыў у войску, бо доўгі тэрмін навучаўся ў кансерваторыі. Аднак чаму ён зараз не ў войску, сказаць цяжка нават яму:

“Я не праходзіў службу ў войску, таму што вучыўся ў Беларускай Акадэміі музыкі. Калі спатрэбіцца, то я абавязкова пайду служыць, бо нават нядрэнна страляю. Напісаць песню пра войска, напэўна, мне будзе вельмі цяжка, таму што шмат чаго пра яго не ведаю. Але ж такая прапанова была б цікавая мне для таго, каб сысці з музычнага асяродку ў вайсковы. Але ж хутчэй за ўсё я б за такое не ўзяўся”.

Лідэр гурта “Дразды” Віталь Карпенка напісаў песню для ваенкамата. Калі быць дакладным, то ідэя напісаць песню на ваенную тэматыку ўзнікла ў Віталя падчас праходжання медыцынскай камісіі. Як расказаў Еўрарадыё галоўны “Дрозд”, медкамісію ён так і не прайшоў, а песня выйдзе ў складанцы “Дэмбельскі альбом”:

“Гэта мая ініцыятыва. Я проста хацеў мець хоць нейкае дачыненне да войска. Я прыкладна два месяцы праходзіў медкамісію, так і не прайшоў па стане здароўя. Таму і вырашыў “замуціць” такую ідэю. Ніхто не быў супраць. Песню мы ўжо напісалі. Яна выйдзе ў зборніку “Дэмбельскі альбом” напрыканцы восені”.