Прэтэндэнты ў прэзідэнты падпішуць агульную дэкларацыю 24 жніўня

Прэтэндэнты на прэзідэнцкую пасаду 18 жніўня пагадзіліся падпісаць агульную дэкларацыю. Урачыстае падпісанне адбудзецца 24 жніўня на сядзібе БНФ у Мінску. Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з прэтэндэнтаў Мікола СтаткевічНа паседжанні прысутнічалі чатыры прэтэндэнты ў прэзідэнты і прадстаўнікі яшчэ трох кандыдатаў - ад АГП, "Народнай Грамады", БХД, ПБНФ, "Справядлівага свету", Алеся Міхалевіча, Аляксандра Мілінкевіча. Далучыцца да іх пагадзіліся таксама Ўладзімір Някляеў і Аляксандр Ярашук, кажа сп.Статкевіч. Ёсць надзея, што падтрымае дэкларацыю і Адрэй Саннікаў, бо пры яе падрыхтоўцы ўлічваліся напрацоўкі "Еўрапейскай Беларусі".

Статкевіч: "Мы выпрацавалі дакумент, у якім дамовіліся супрацоўнічаць пры вылучэнні людзей у выбарчыя камісіі, у барацьбе за змяненне выбарчага заканадаўства, за стварэнне агульнай сістэмы назірання на выбарах і барацьбы на вуліцах супраць фальсіфікацыяў. Дамовіліся абмеркаваць магчымасць стварэння адзінага каардынацыйнага цэнтра дзеля выканання гэтых задач".

Калі нехта з прэтэндэнтаў не зможа прыйсці на падпісанне дэкларацыі, кажа Статкевіч, то ён можа падпісаць дакумент загадзя.