План перавыкананы: больш за 80% выпускнікоў “кулька” паедуць уздымаць сяло

Такое патрабаванне выказаў міністр культуры Уладзімір Мацвяйчук. Менавіта яго міністэрству і падпарадкоўваецца гэтая навучальная ўстанова. Карэспандэнт Еўрарадыё наведаў універсітэт і паразмаўляў з кіраўніком практыкі Таццянай Гурынай, якая сёлета адказвае за размеркаванне.
Ад яе мы даведаліся, што ў гэтым годзе размяркоўвалі 321 бюджэтніка і ўсе будучыя маладыя спецыялісты ўжо ведаюць свае месцы працы. Сапраўды, больш за 80% выпускнікоў будзе працаваць не ў Мінску.

Таццяна Гурына: “Паколькі існуе дзяржаўная праграма развіцця і падтрымкі малых і сярэдніх гарадоў, то мы як дзяржаўная навучальная ўстанова павінны прымаць пэўны ўдзел у выкананні гэтай праграмы.

Гэта значыць, што мы павінны забяспечыць кадрамі з вышэйшай адукацыяй установы соцыякультурнай сферы ў вёсцы, а таксама малых і сярэдніх гарадах. Калі чалавек навучаецца за дзяржаўныя сродкі, ён павінен несці пэўную адказнасць, значыць, ён павінен працаваць там, дзе ён на сёння, з пункту погляду дзяржавы, найбольш запатрабаваны”.


Па словах Таццяны Гурынай, усе выпускнікі будуць працаваць па сваіх спецыяльнасцях. Напрыклад, рэжысёры адправяцца ў раённыя і гарадскія дамы культуры. Каб даведацца, ці патрэбны там такіе спецыялісты, мы датэлефанаваліся ў Драгічынскі гарадскі дом культуры, дзе гэтай восенню чакаюць маладога спецыяліста з універсітэта культуры. Распавядае дырэктар Драгічынскага дому культуры Таццяна Ільютка:

“Нам вельмі рэжысёр патрэбен! Вам нават не перадаць словамі як! У нас няма спецыяліста ў гэтай галіне, які мае вышэйшую адукацыю. Гэта самыя неабходныя людзі, якіх мы чакаем, будзем чакаць і заўсёды радыя прыняць!

У нас маладым спецыялістам інтэрнат даецца, падпісваецца кантракт на два гады. Зараз у нас ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва, але атрымаць кватэру зможа толькі маладая сям’я, калі яна стане ў чаргу. Але гэта вельмі хуткі працэс”.

Дарэчы, у гэтым годзе ніхто з выпускнікоў універсітэта культуры не пажадаў выплаціць грошы за навучанне і атрымаць свабодны дыплом. Няма такога жадання і ў беларускай спявачкі Ганны Шаркуновай, якая летась перамагла ў конкурсе “Песня году”, а цяпер заканчвае Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт і па размеркаванні паедзе ў свой родны горад Пінск:

Ганна Шаркунова: “У мяне была спецыяльнасць “Музыка і сацыяльная педагогіка”, і мяне размеркавалі не па музыцы, а працаваць сацыяльным педагогам. То бок гэта праца з дзецьмі з праблемных сем’яў, з дзецьмі, якія маюць праблемы як з бацькамі, так і з аднагодкамі, у якіх дрэнныя адзнакі. Трэба будзе хадзіць па дамах. То бок гэта праца вельмі складаная. Я не ведаю, як я з ёю спраўлюся, праца па музыцы была б куды лягчэйшай”.

Як паведаміў нам прадзюсер Шаркуновай Уладзімір Кубышкін, дзяўчына ўсё адно будзе працягваць кар’еру, нават калі ўсё ж такі апынецца ў Пінску:

Уладзімір Шаркуноў: “Пінск не так ужо і далёка — 300 кіламетраў. Я думаю, што гэта не крытычная адлегласць і, натуральна, у кожным разе, Аня будзе працягваць выступаць, у тым ліку і ў Мінску на вялікіх канцэртных пляцоўках.

Я ўпэўнены, што Аня ўжо дастаткова вядомы і публічны чалавек, і на месцы працы, мы спадзяемся, што адміністрацыя будзе ісці нам насустрач і будзе дазваляць ёй ад’язджаць, каб прыняць удзел у сур’ёзных мерапрыемствах, здымках і гэтак далей. Усё будзе добра, кар’ера яе будзе развівацца — 100%”.

Звонку пытанне размеркавання ў Беларусі выглядае вельмі “салодка”. Студэнтам абяцаюць жытло, высокі заробак і шмат іншых прывілей... Але падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу наш карэспандэнт атрымаў вялікую колькасць лістоў з зусім процілеглым поглядам... Пра гэта ў наступных рэпартажах Еўрарадыё.

Фота — photo.bymedia.net