На аднаўленне вадаёмаў вакол Гальшанскага замка пакуль няма сродкаў

Падрыхтаваны праект аднаўлення сажалак вакол Гальшанскага замка — помніка палацава-паркавай архітэктуры канца XVI-пачатку XVII стагоддзяў. Пра гэта паведаміў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Адамчык.
Паводле яго слоў, летась за межы тэрыторыі помніка дойлідства была вынесена лінія электраперадачы. "Аднаўленне вадаёмаў вакол замка, вядомага сваімі легендамі, прывідамі і непаўторнай аурай, пачнецца толькі пасля таго, як будуць знойдзены сродкі для фінансавання гэтага праекта", — сказаў Адамчык.

Ён адзначыў, што мінскім архітэктарам Ігарам Раханскім распрацавана канцэпцыя кансервацыі руін замка, аднаўлення адной з яго вежаў для размяшчэння ў ёй інфраструктуры турызму, а таксама музеефікацыі асобных фрагментаў помніка. Як паведаміў Адамчык, у чэрвені гэта канцэпцыя была ўхвалена Беларускім аддзяленнем Міжнароднага камітэта па помніках і славутых мясцінах, інфармуе БелаПАН.