Мірны і Б'ёркман выйшлі ў паўфінал тэніснага турніру "Стэла Артуа"

Максім Мірны і Ёнас Б'ёркман згуляюць у паўфінале парнага разраду на тэнісным турніры "Стэла Артуа" ў Лондане з прызавым фондам 680.250 еўра.

Учора ў 1/4 фіналу "пасеяны" пад другім нумарам беларуска-шведскі дуэт выйграў у Яраслава Лявінскага і Давіда Шкоха (Чэхія, 6) з лікам 7:6 (8:6), 6:7 (3:7), 12:10 (тай-брэйк).

Наступнымі сапернікамі Мірнага і Б'ёркмана будуць "пасеяныя" пад чацвёртым нумарам Марк Ноўлз (Багамы) і Дэніел Нестар (Канада).

Летась беларус і швед дайшлі да фіналу гэтых спаборніцтваў.

У 1998 годзе Б'ёркман выйграваў турнір у пары з аўстралійцам Патрыкам Рафтэрам, а ў 1994-м, у 22-гадовым узросце, — са сваім суайчыннікам Янам Апелем.

БелаПАН